Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Павал Барадзін надалей знаходзіцца пад арыштам у фэдэральнай сьледчай турме ў Брукліне. Некаторыя новыя падрабязнасьці пра Барадзіна – у рэпартажы зь Нью-Ёрку.

Галоўнае пытаньне справы Барадзіна – гэта высьвятленьне прэтэнзіяў швэйцарскіх уладаў да яго. Акрамя таго, нью-ёркскі судзьдзя Пагарэльскі хоць і пастанавіў утрымліваць Барадзіна пад вартай, дазволіў адвакатам да 5 лютага перадаць яму ўсе паперы, што тычацца Швэйцарыі. Адвакаты надалей настойваюць на тым, што Швэйцарыя выдавала ня ордэр на арышт, а толькі позву Барадзіну.

У Амэрыцы справай Барадзіна займаецца так званы аддзел рускай мафіі ФБР. Большасьць супрацоўнікаў гэтага аддзела ведаюць рускую мову, але Барадзін на гутарках карыстаецца заўсёды паслугамі перакладчыкаў. Зараз да Барадзіна ў турму павялічылася плыня наведвальнікаў. Сустракацца з гасьцямі ён можа ад 8:30 раніцы да 8:30 вечара, але ён пакуль гаворыць толькі з адвакатамі. Ахова праз шкло паказвае арыштанту чалавека, і Барадзін сам вырашае, хоча ён зь ім гаварыць ці не.

Недалёка ад камэры, як кажа сам Барадзін, для яго абсталявалі так званы чырвоны куток – пакой, дзе ён можа глядзець тэлевізар ды чытаць газэты. Ходзіць Барадзін па некалькі часоў у дзень займацца спортам у мясцовую спартовую залю, але спортам ён займаецца таксама адзін.

Тым часам Барадзін працягвае скардзіцца адвакатам на адзіноту – астатніх арыштантаў да Барадзіна ніхто не падпускае. У Бруклінскай сьледчай фэдэральнай турме, як заўважаюць, траціна арыштантаў – выхадцы з былога Савецкага Саюза, ахова баіцца, каб з Барадзіным нешта ня здарылася.

Амэрыканскія сьледчыя афіцэры суправаджаюць арыштанта паўсюль. Нядаўна Барадзіну дазволілі насіць гадзіньнік, а начальнік турмы прапанаваў карыстаца сваімі асабістым тэлефонам на выпадак тэрміновае патрэбы. У самога Барадзіна ў камэры ўсталяваны тэлефон-аўтамат, гаворкі па якім працягваюцца 15 хвілінаў. Адвакаты аддаюць Барадзіну ўсю прэсу.

Сам Барадзін надалей заяўляе, што гатовы да поўнага супрацоўніцтва са сьледзтвам і спадзяецца, што пасьля выдачы яго ў Швэйцарыю, там ён ізноў ужо ў турму не патрапіць. Але зацягваецца менавіта справа перадачы Барадзіна Швэйцарыі. Пакуль амэрыканскія супрацоўнікі ФБР скарыстоўваюць магчымасьць, каб даведацца больш інфармацыі пра адмываньне расейскімі бізнэсоўцамі і расейскай мафіяй грошай праз амэрыканскую фінансавую сыстэму за часы Ельцына, калі Барадзін быў пры ўладзе.

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG