У Менску пачалася канфэрэнцыя “Беларусь: на шляху
ў трэцяе тысячагодзьдзе”. Арганізатары — грамадзкае аб’яднаньне “Беларускія
фабрыкі думкі” й Фонд MacArtur'аў. Эканамісты, палітолягі й сацыёлягі прадставілі
свае дасьледаваньні сучаснага стану Беларусі й погляд на пэрспэктывы разьвіцьця
краіны.
Многія спадзяваліся пачуць на канфэрэнцыі прамову амбасадара ЗША ў Беларусі
спадара Козака. Але спадара амбасадара сёньня не было ў Менску, таму ягоны
даклад (“Зьнешняя палітыка ЗША ў ХХІ стагодзьдзі”) зачытаў намесьнік кіраўніка
амэрыканскай місіі ў Беларусі Джон Кунстатэр.
На канфэрэнцыі была прэзэнтаваная новая кніга, якую выдалі "Беларускія
фабрыкі думкі". У гэтым зборніку зьмешчаныя вынікі дасьледаваньняў у галіне
эканомікі й сацыялёгіі, прысьвечаныя аналізу цяперашняга стану Беларусі
й пэрспэктывам ейнага развіцьця.
Ці ўлічваюць беларускія палітыкі (як улада, гэтак і апазыцыя) у сваёй
дзейнасьці распрацоўкі дасьледчых цэнтраў? Як увогуле яны ставяцца да працы
"Беларускіх фабрык думкі"? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да старшыні аргкамітэту
канфэрэнцыі, дырэктара Міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў
Вячаслава Пазьняка.
(Пазьняк: ) "Мы назіраем зьмену стаўленьня да незалежнай аналітычнай
думкі. Запатрабаванасьць аналітычнага прадукту незалежных цэнтраў — яна
вельмі няроўная з боку ўладаў і апазыцыйных палітычных сілаў. Улада занадта
скептычна ставіцца да палітычных сцэнараў і рэцэптаў, што прапаноўваюць
асобныя аналітыкі й некаторыя цэнтры.
Што да апазыцыйных палітычных партыяў, дык два ці тры гады таму яны
не ўспрымалі дзейнасьць незалежных аналітычных цэнтраў —мы былі для іх
недастаткова палітызаваныя, працавалі неяк у баку. А сёньня да аналітычных
цэнтраў прыслухоўваюцца і ўлада, і апазыцыйныя палітычныя сілы".
Пра тое, што беларускія палітыкі мала працуюць з сучаснымі палітычнымі
тэхналёгіямі, гаварыў на канфэрэнцыі кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў будучыні
Аляксандар Патупа. На думку Патупы, сёлетнія прэзыдэнцкія выбары прывядуць
да далейшага раздрабненьня, атамізацыі апазыцыі на маленькія групы.
Наконт беларуска-расейскіх дачыненьняў Патупа зазначыў, што зараз Беларусь
стаіць на парозе адкрыцьця “ўсходняга фронту”. “Тое, што Лукашэнку не прынялі
ва аўторак у Крамлі, знакавая падзея. Прафэсійны кантралёр Пуцін не дазволіць
Лукашэнку застацца па-за кантролем”, — лічыць палітоляг.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1