Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Незалежная магілёўская газэта "Дэ факта" выйшла без артыкула "Лукашэнка пойдзе на экспэртызу", дзе разглядаўся стан псыхічнага здароўя А.Лукашэнкі.

Супрацоўнікі друкарні патлумачылі, што ім загадалі не друкаваць газэты, бо артыкул "Лукашэнка пойдзе на экспэртызу" закранае гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы. Кіраўнікам газэты выставілі ультыматум: яны альбо здымаюць артыкул, альбо газэта ня выйдзе зусім.

Спаслаўшыся на распараджэньне прадстаўнікоў упраўленьня КГБ і свайго ўласнага дырэктара, супрацоўнікі Магілёўскай абласной друкарні адмовіліся друкаваць газэту. Аднак прозьвішчаў аўтараў такога рашэньня яны не назвалі. "Крайнім" апынуўся майстар зьмены Вячаслаў Балдуеў, які заявіў, што ён чалавек маленькі ды дзейнічае на загад зьверху.

Журналісты прапанавалі на месцы артыкула пакінуць белую пляму, каб газэта выйшла зь ёю. Спаслаўшыся зноў на загад зьверху, супрацоўнікі друкарні не падтрымалі гэтай прапановы — гэта, маўляў, дыскрэдытуе друкарню ў вачах грамадзкасьці. Як вынік, пасьля перамоваў газэту ўсё ж надрукавалі, прычым на месцы таго артыкула зьявіліся анэкдоты.

Зараз кіраўнікі выданьня спрабуюць даведацца прозьвішча чалавека, які прыняў такое рашэньне. Пісьмовага адказу дырэктара друкарні яны гэтак і не атрымалі. Яны думаюць накіраваць у друкарню заяву з патрабаваньнем даць адказ, на якой падставе не надрукавалі артыкул, які газэце прадаставіла аўтарытэтнае агенцтва БелаПАН.

Кіраўнікі "Дэ факта" лічаць, што артыкул "Лукашэнка пойдзе на экспэртызу" не закранае гонару й годнасьці кіраўніка Беларусі. Як вядома, у артыкуле газэты "Наша свабода" Павал Жук заяўляе, што каб давесьці факт паклёпу ў ягоным выданьні, спадару Лукашэнку патрэбна прайсьці псыхіятрычную эскпэртызу. Гэтая публікацыя так і не дайшла да чытачоў Магілёву.

Сытуацыю камэнтуе старшыня рэдакцыйнай рады газэты "Дэ факта" Марына Ірхо:

(Ірхо: ) "Каб не пазбавіць сваіх падпісчыкаў ды ўсіх іншых чытачоў газэты новага нумара "Дэ факта", рэдакцыя была вымушаная прыняць умовы, што навязала друкарня. Замест спрэчнага арыткула было надрукаванае так званае "Лебядзінае возера" па-беларуску — анэкдоты.

Мы зразумелі, якія мы безабаронныя перад ціскам на ўсіх узроўнях. Нашых аргумэнтаў не ўлічылі, хоць мы й прапаноўвалі альтэрнатыўны варыянт. Той жа майстар зьмены прыняў рашэньне толькі пасьля таго, як у закрытым кабінэце каля дзесяці хвілінаў зь некім размаўляў па тэлефоне.

Мы безаабаронныя перад дзяржаўнай друкарняй, а іншых у Магілёўскай вобласьці няма, мы безабаронныя перад дзяржаўнай сыстэмай распаўсюду, нам у любы момант могуць "перакрыць кісларод".

Дзеяньні супрацоўнікаў абласной друкарні мы разглядаем як грубае ўмяшаньне ў працу рэдакцыі, а гэты выпадак — як факт незаконнай цэнзуры".

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG