Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


А 19-й гадзіне ў канцэртнай залі "Менск" пачынаецца штогадовое шоў "Рок-каранацыя-2000" — цэнтральная падзея музычнага жыцьця краіны. 7 гадоў таму першымі рок-каралямі былі музыкі з "Крамы". Хто стане рок-каралём сёлета?

Сёлета журы, а ў ягоным складзе больш за 30 крытыкаў і журналістаў, было з чаго выбіраць. У 2000 годзе выйшаў шэраг, на думку адмыслоўцаў, клясных альбомаў. Сярод іх вызначаюцца "Тры чарапахі" гурта "NRM", "Весначуха" гурта "Юр'я", супольны праект "Я нарадзіўся тут", "Несмотря ни на что" Аляксея Шадзько, "Падарожжа" гурта "Уліс".

Усё ж, калі журы вызначала найлепшага выканаўцу, магу сказаць, што спрэчак практычна не было. Гэта пацьвярджае й прадусар "Рок-кароны-2000", які ачольваў працу па анкетаваньні крытыкаў, Юры Цыбін:

(Цыбін: ) "Гэтая Рок-каранацыя найцікавейшая за ўсе ранейшыя. Амаль не было прэтэндэнтаў на галоўны прыз (я тут ужо выдаю сакрэты). Ці не адзіная каманда, якая працавала ў 2000 годзе вельмі-вельмі добра — гурт "NRM". Таму сёлета нам амаль не давялося так ужо перабіраць".

Творцаў чакаюць узнагароды яшчэ па дзевяці намінацыях — "Лепшы тэкст", "Традыцыі й сучаснасьць", "Падзея году", "Рок-князёўна" дый іншыя. Можна зь вялікай доляй упэўненасьці прадбачыць, што падзеяй году будзе названы праект Алеся Сушы "Я нарадзіўся тут" — альбом, у якім па-новаму інтэрпрэтуецца беларуская песенная клясыка.

Напружана гледачы будуць чакаць рашэньня журы, хто ж будзе ўшанаваны як найлепшы гурт стагодзьдзя. Такая нечаканая намінацыя прапануецца сёлета.

І колькасьцю, і якасьцю музыкі, і нават прарывам з гледжаньня гуказапісу й мастацкага афармленьня альбомаў мінулы год стаўся адметным для беларускай рок-культуры. Усё самае лепшае са зробленага летась будзе прэзэнтавацца на сёньняшнім шоў.

Але ўжо ў прэсе прагучала крытыка наконт таго, што кола ўдзельнікаў імпрэзы звужанае, па-ранейшаму перадусім мы пачуем выканаўцаў зь Менску. Гэта з пэўнай доляй заклапочанасьці прызнае і прадусар канцэрту Юры Цыбін:

(Цыбін: ) "Сёньня ў нас будзе выступаць легендарны гурт з Гомеля "Gods Tower", таксама гурт з Горадні "Воображаемые люди". Астатнія каманды, на жаль, менскія ўсе".

Тым ня менш, беларускі рок-н-рол жыве, у культурнай прасторы сучаснай Беларусі ён — на першых ролях. Пра што сьведчаць запоўненыя залі на шматлікіх канцэртах па ўсёй Беларусі. І, здаецца, для публікі, а гэта пераважна моладзь, высокія цэны на квіткі — не перашкода. На сёньняшняе шоў іхны кошт параўнальны з коштамі квіткоў на канцэрт у Менску такой эўрапейскай супэркаманды, як "Motorhead".

Чаму арганізатары канцэрту вызначалі кошт квіткоў ад 3 000 да 14 000 тысячаў, ці будзе запоўненая заля? Тлумачыць і спадзяецца Юры Цыбін:

(Цыбін: ) "Мы ня маем фінансавай падтрымкі, ня маем аніякай. Няма спонсараў. Таму вельмі дарагія квіткі. А ў залі, спадзяюся, будзе аншляг".

Эмоцыі глядзельнай залі нарастаюць, усе чакаюць шоў і рашэньня журы. Надзеі фанаў якіх гуртоў спраўдзяцца? Шоў, відаць, зацягнецца да глыбокай ночы.

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG