Надрукаваны зварот да патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта,
палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў з прапановай стварыць
шырокую грамадзкую кааліцыю — “У ХХІ-е стагодзьдзе з новым прэзыдэнтам”.
Сярод ініцыятараў звароту — дэпутаты Вярхоўнага савету 13-га скліканьня,
кіраўнікі дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў і проста аўтарытэтныя і
знаныя ў краіне асобы: Станіслаў Багданкевіч, Павал Казлоўскі, Станіслаў
Шушкевіч, Міхаіл Чыгір, Васіль Шлындзікаў ды іншыя, усяго 25 прозьвішчаў.
Галоўнай мэтай кааліцыі павінна стаць перамога на прэзыдэнцкіх выбарах
адзінага кандыдата. “У ХХІ-е стагодзьдзе Беларусь мусіць увайсьці з новым
прэзыдэнтам — адукаваным, прыстойным, які б увасабляў лепшыя рысы беларускага
народу, які здольны зрабіць жыцьцё грамадзянаў Беларусі прыстойным”.
Дзеля гэтага і ствараецца шырокая грамадзкая каліцыя. А першаснай задачай
будучых кандыдатаў на прэзыдэнта, мяркуюць аўтары звароту, мусіць быць
узгадненьне працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата.
Ініцыятары ставарэньня кааліцыі кіруюцца тым, што “будучыя выбары ператворацца
ў супрацьстаяньне паміж курсам Лукашэнкі й новым курсам, падтрыманым усімі,
хто жадае пераменаў”.
Цяперашнія ўлады, гаворыцца ў звароце, ня ў стане вывесьці грамадзтва
з глыбокага крызысу. Падпісанты бачаць выйсьце з галечы, у якой апынулася
значная частка насельніцтва краіны, у канстытуцыйнай зьмене палітычнай
улады.
Экс-прэм’ер Беларусі Міхаіл Чыгір, які таксама падпісаў зварот, мяркуе,
што, ствараючы грамадзкую кааліцыю “У ХХІ-е стагодзьдзе з новым прэзыдэнтам”,
можна ня толькі вылучыць адзінага кандыдата, але й аб’яднаць насельніцтва,
якое не задаволенае цяперашняй уладай.
(Чыгір: ) "Я зварот падтрымаў з наступных прычынаў. Сёньня апазыцыйныя
сілы валодаюць 10–15% электарату, ня болей. Таму было б лепей, было б болей
упэўненасьці, каб гэты рух быў шырэйшы, каб да яго далучыліся прафсаюзы,
каб яго падтрымалі больш шырокія слаі насельніцтва.
Вядома, было б добра мець адзінага кандыдата. Я таксама далучыўся
да гэтага руху, і лічу, што наша перамога магчымая толькі тады, калі да
ідэі зьмены прэзыдэнта прыйдзе асноўная маса нашага насельніцтва".
Зьвяртае ўвагу тое, што сярод падпісантаў няма прадстаўнікоў прафсаюзаў
і палітычных партыяў, якія ўваходзяць у Каардынацыйную раду дэмакратычных
сілаў. Сытуацыю тлумачыць сакратарка выканкаму Фэдэрацыі прафсаюзаў Валянціна
Палевікова:
(Палевікова: ) "Гэты зварот будзе падтрыманы — як лідэрам Фэдэрацыі
прафсаюзаў, гэтак і лідэрамі галіновых прафсаюзаў. Але сёньня мы не гатовыя
гэтага зрабіць, бо ёсьць невялікія стылістычныя заўвагі".
В.Палевікова адначасна зьяўляецца кіраўніцай Жаночай партыі “Надзея”
і цяпер старшынюе на паседжаньнях Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў.
Яна ня выключае, што неўзабаве й лідэры апазыцыйных палітычных партыяў
падпішуць зварот з прапановай стварыць шырокую грамадзкую кааліцыю “У ХХІ-е
стагодзьдзе з новым прэзыдэнтам”.
Ягор Маёрчык, Менск
Самае папулярнае
1