Беларусь займае ці ня першае месца ў чорным сьпісе
прадаўцоў зброі краінам зь лякальнымі канфліктамі. Пра некаторыя выпадкі
гандлю зброяй на афрыканскім кантынэнце, у Паўднёвай Амэрыцы й Блізкім
Усходзе.
Апошнімі гадамі Беларусь разам з Расеяй, Кітаем, Бразыліяй ды Паўночнай
Карэяй набыла сумнеўны вобраз пастаўшчыка зброі ў найбольш праблемныя рэгіёны
сьвету.
Пасьля распаду СССР вялізныя збройныя арсэналы саюзнага Міністэрства
абароны аказаліся фактычна не запатрабаваныя. Міжнародныя арганізацыі далі
тады Беларусі грошы на канвэрсію, але з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі
новае кіраўніцтва ў аднабаковым парадку фактычна прыпыніла гэты працэс.
Аргумэнт быў адзіны: навошта зьнішчаць тое, што можна пасьпяхова прадаць.
Але трапіць у шэраг гандляроў аказалася ня так проста. Большасьць патэнцыйных
пакупнікоў адмаўляліся ад напаўпадпольных кантрактаў. Прасьцей было кантактаваць
з тымі, хто грэбаваў усялякімі прынцыпамі. Найперш гэта тыя рэгіёны, дзе
ўвесь час ідуць ваенныя канфлікты.
Шмат якія краіны Афрыкі дзесяцігодзьдзямі ваююць на ўзроўні ледзь не
плямёнаў, і попыт на зброю там стабільны. У 1996-м годзе Беларусь прадала
ўраду Ўганды чатыры верталёты МІ-24 (дарэчы, тэхніка аказалася няспраўнай,
з-за гэтага потым ўспыхнуў двухбаковы канфлікт).
Два аналягічныя верталёты былі адпраўленыя ў Руанду. Праз два гады пяць
зьнішчальнікаў МІГ-29 прапісаліся ў Эрытрэі. Значную партыю стралковай
зброі набыла Сьера-Леонэ. Візыты Лукашэнкі ў Эгіпет і краіны Блізкага Ўсходу
прадугледжвалі таксама й наладжваньне вайсковых кантактаў.
Пэўную цікаўнасьць да зброі мае й Паўднёвая Амэрыка: продаж у 1997-м
годзе Пэру вялікай партыі стратэгічных штурмавікоў СУ-25 пры адпаведных
умовах можа мець працяг — прынамсі, Эквадор, галоўны апанэнт Пэру ў памежным
канфлікце, калісьці выказваў цікавасьць да супрацоўніцтва.
Дакладна вядома, што ваенныя пытаньні разглядаліся й пад час візыту
Лукашэнкі на Кубу. Але менавіта блізкаўсходні вэктар многія аналітыкі схільныя
лічыць галоўным у наступных кантрактах беларускага кіраўніцтва.
Небясьпека падобных дамоваў у тым, што мусульманскі сьвет, які сымпатызуе
чачэнскаму супраціву Маскве, ужо ёсьць галоўным пастаўшчыком зброі чачэнскім
баявікам. Дэкляруючы інтэграцыйныя памкненьні, Лукашэнка міжволі можа пераўтварыцца
ў забесьпячэнца зброяй ворагаў Крамля.
Асобна ў гэтым сьпісе — выпадкі афрыканскіх кантрактаў беларускіх цывільных
лётчыкаў ды арэнда самалётаў. Гуманітарныя рэйсы часта былі адным са сродкаў
перакіду жывой сілы ды тэхнікі аднаму з бакоў, што ўдзельнічаў ва ўзброеным
канфлікце.
Часам вынікі былі трагічныя. Некалькі гадоў таму ў Анголе быў зьбіты
транспартны самалёт зь беларускім экіпажам. Падобным жа чынам рызыкуюць
беларускія кантрактнікі ў Мазамбіку й Нігерыі.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1