Пастанова Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аднавіць права голасу для
Расеі ўдзельнікамі і назіральнікамі ацэньваецца як новы этап у кантактах
з Расеяй. У эксклюзыўным інтэрвію нашай службе праваабаронца Сяргей Кавалёў
выказаў прагноз пра магчымыя дачыненьні Беларусі з Радай Эўропы.
Многія, з кім я тут размаўляў, лічаць, што пасьпяховае для Расеі рашэньне
выклікала справаздача дакладчыка Парлямэнцкай асамблеі лёрда Джада пра
становішча на Паўночным Каўказе. У ягоным выступе ўпершыню прагучала сьцьверджаньне
пра тое, што ў Чачні прысутнічаюць міжнародныя тэрарысты, якія атрымліваюць
фінансаваньне з іншых краінаў сьвету.
Пад час парлямэнцкай дыскусіі абсалютная большасьць дэпутатаў падтрымала
пазыцыю лёрда Джада. Яны лічаць, што аднаўленьне права голасу расейскай
дэлегацыі паспрыяе паляпшэньню сытуацыі ў Чачні. Тыя, хто выказваўся супраць,
акцэнтавалі ўвагу на тым, што такі лібэральны падыход Расея можа зразумець
як своеасаблівы карт-блянш на сваю дзейнасьць у Чачні.
Крытычна быў настроены і вядомы праваабаронца, дэпут Дзярждумы Расеі
Сяргей Кавалёў. У эксклюзыўным інтэрвію для Радыё Свабода ён адзначыў наступнае:
(Кавалёў: ) “Вы бачыце, як працуе гэты дзіўны сход. Яны спачатку палохаюць,
а пасьля пачынаецца поўная “лафа”. І ў Лукашэнкі таксама будзе тут поўная
“лафа”. Запэўніваю Вас. Як у Турцыі… У мяне няма ніякіх сымпатыяў да курдзкіх
камуністаў (як і да ўсіх іншых камуністаў), але паглядзіце, як у Турцыі
ставяцца да курдаў за тое, што яны курды. А што тут? Раз у чатыры сэсіі
хто-небудзь што-небудзь вяла скажа пра Турцыю. Турцыя гэтага нават не заўважае.
З Беларусьсю будзе таксама, таму што гэты цынічны сход прынцыпаў ня цэніць.
Разумееце? Эўрапейская канцэпцыя права – гэта нешта! А ня тыя спадары джады.
Вось ён толькі што дэманстраваў рыторыку а ля Гітлер. Ён толькі руку не
выцягваў, уся астатняя жэстыкуляцыя была на месцы… Ён там казаў аб бедных
пакутніках у Чачні. Ён ня мае на гэта права, ён хлусіць. Разумееце? Ён
хлусіць. Хлусіць і ўся руская дэлегацыя – яе пераважная большасьць хлусіць
непрыхавана і нахабна. Вось, калі ласка, яны прывезьлі з Чачні нейкую Маліку,
якая заявіла (і ўжо ня першы раз!), што гэта было сьвята, калі рускія войскі
ўвайшлі ў Чачню. Сьвята для ўсіх чачэнцаў…”
А кіраўнік расейскай дэлегацыі ў Страсбургу ацаніў рашэньне Парлямэнцкай
асамблеі Рады Эўропы ня як перамогу Расеі, але як крок да супрацоўніцтва
з Радай Эўропы. Ён паабяццаў улічыць заўвагі, што былі выказаныя пад час
дыскусіі.
Уладзімер Глод, Страсбург
Самае папулярнае
1