Учора рыская газэта Neatkariga Rita Avize надрукавала артыкул Ігара
Чарткова “Садам і Саша — браты-блізьняты?”, у якім аналізуецца праект новага закону Беларусі
аб інфармацыйнай бясьпецы.
«Дедушка умер, ідея живёт, лучше бы было наоборот», — гэты дысыдэнцкі
вершык міжволі прыгадваецца, калі бачыш, якія дзівосныя формы набываюць
ідэі ленінізму і сталінізму ў адной асобна ўзятай краіне. Шмат хто з гісторыі
памятае створаныя за часы ваеннага камунізму тэзы, што СССР знаходзіцца
ў варожым акружэньні, а ў сьветлай будучыні колькасьць ворагаў будзе расьці
з кожным крокам, зробленым у бок камунізму. Не забытыя і жахлівыя наступствы
гэтых пастулятаў — мільёны людзей, загубленых у лягерох ГУЛАГу.
На жаль, жудасныя думкі пра падабенства з тымі часамі ўзьнікаюць пасьля
знаёмства з праектам Закону Рэспублікі Беларусь аб інфармацыйнай бясьпецы.
Гэты фантастычны дакумэнт зьявіўся на пачатку ХХІ стагодзьдзя, але нагадвае
творча перапрацаваную ўтопію Джорджа Орвэла «1984». Пераказаць яго цяжка,
амаль немагчыма, бо страціўся б арыгінальны кірунак думкі беларускіх прыдворных
тэарэтыкаў.
Таму цытую: «Найбольш істотнымі пагрозамі стабільнасьці і духовага жыцьця
грамадзтва зьяўляюцца:
— мэтанакіраваны інфармацыйны ціск на грамадзтва, ажыцьцяўляны ў інтарэсах
пэўных палітычных і іншых дэструкцыйных сілаў, які выкарыстоўвае арганізаваныя
або стыхійна ўзьніклыя інфармацыйныя патокі.
– навязваньне заходніх каштоўнасьцяў як найбольш праўдзівых, асабліва
праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) з выкарыстаньнем дэструкцыйных прыёмаў
журналістыкі (мэтавая дэзарыентацыя, хаваньне інфармацыі, парушэньне і
выкрыўленьне мовы як сродку зносінаў, апэляваньне да інстынктаў, навязваньне
моладзі замест айчыннага станоўчага героя супэрасобы заходняга ўзору і
г.д.), што прыводзіць да сацыяльнай арыентацыі асобы ў кірунку адмаўленьня
нацыянальных каштоўнасьцяў і да адчужэньня грамадзтва ад уласнага гістарычна
пазытыўнага досьведу».
Прачытаеш гэтыя радкі, і ў галаву чамусьці прыходзяць думкі пра жалезную
заслону, забарону слухаць Beatles, пошукі шпіёнаў сярод тых, у каго ёсьць
сваякі за мяжою, ды пра іншыя прыемнасьці. Праўда, усё гэта выдатна ўкладваецца
ў рамкі замежнай палітыкі цяперашняга беларускага рэжыму. Амэрыканскую
пагрозу прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка бачыць ва ўсім, што зьвязана з Захадам.
Ступень ягонай нянавісьці да ЗША можна параўнаць хіба што з той, якую адчувае
Фідэль Кастра або, што яшчэ больш верагодна, Садам Хусэйн. Трэба сказаць,
што з апошнім назіраецца проста фантастычнае падабенства. Хусэйн, насуперак
міжнароднаму ціску, марыць вырабляць ядзерную зброю. Лукашэнка настойліва
спрабуе дамагчыся, каб на тэрыторыю Беларусі былі вернутыя савецкія ядзерныя
ракеты. У адказ на эканамічныя санкцыі Садам маніцца падараваць амэрыканцам
мільёны нафтадаляраў на ліквідацыю іхнай уяўнай галечы. Аляксандар у прыступе
гневу паведамляе, што ён гатовы падараваць Білу Клінтану тыя мільёны, якія
Беларусь страціла з прычыны адмены рэжыму асаблівага спрыяньня ў гандлі
паміж абедзьвюма дзяржавамі. Будучы «шчырым мусульманінам» (хоць ён і кажа,
што абыякавы да любых рэлігіяў), Хусэйн стараецца збудаваць у сваёй дзяржаве
неадольныя бар’еры, каб не дапусьціць праяваў заходняга ладу жыцьця ў сродках
масавай інфармацыі. Стварыць заслону паміж Беларусьсю і зьнешнім сьветам
імкнецца і Лукашэнка. Вось жа, зразумела, чаму абедзьве дзяржавы сымпатызуюць
адна адной. У сваю чаргу, псыхааналітыкам, якія дасьледуюць асобу беларускага
прэзыдэнта, спадзяюся, будзе лягчэй зразумець, чаму Лукашэнка за час свайго
панаваньня зьмяніў гістарычны беларускі бел-чырвона-белы сьцяг на прыдуманы
за савецкім часам чырвона-зялёны, што перагукаецца зь улюбёным у іслямскіх
краінах зялёным колерам.
Пра псыхааналітыкаў і зьвязаныя зь імі сытуацыі трэба пагаварыць асобна.
Беларуская пракуратура нядаўна распачала крымінальную справу за абразу
прэзыдэнта і пашырэньне хлусьлівай інфармацыі. Дзяржаўная пракуратура і
Камітэт Дзяржаўнай Бясьпекі нават сфармавалі з сваіх супрацоўнікаў адмысловую
сьледчую групу, а падставай для такіх рашучых дзеяньняў была публікацыя
ў апазыцыйнай газэце «Наша Свабода». У вялікім артыкуле было выкладзенае
мэдыцынскае заключэньне псыхіятра Дзьмітрыя Шчыгельскага наконт стану псыхікі
прэзыдэнта краіны. Доктар назіраў за Лукашэнкам праз доўгі час і выявіў,
што апрача ўласьцівых кожнаму чалавеку недахопаў, у яго «выяўленая схільнасьць
да мэтодыкі маніпуляваньня і высокія здольнасьці да яе ажыцьцяўленьня.
Мысьленьне грамадзяніна Лукашэнкі носіць афэктыўны характар, сьвет ён успрымае
як агрэсіўную сілу, а ў штодзённых падзеях заўсёды ўгледжвае змову глябальнага
характару, скіраваную супраць яго самога». Дыягназ: «Памяркоўна выяўленая
мазаічная псыхапатыя зь перавагаю рысаў паранаідальнага і дыссацыяльнага
парушэньняў асобы». Пэўных зьвестак пра рэакцыю прэзыдэнта на гэтую публікацыю
няма, магчыма, яна была для яго неспадзяваная: якраз тады Лукашэнка ў Маскве
гуляў у хакей — у рамках праграмы Дзён Беларускай Культуры ў Маскве. Сілавыя
структуры таксама вычэкваюць, але, ведаючы прэзыдэнтава хваравітае самалюбства
і помсьлівасьць, можна чакаць вельмі рашучай рэакцыі. Паэт Славамір Адамовіч
за адзін толькі верш «Убей президента», у якім не была згаданая ніводная
канкрэтная асоба, правёў шмат месяцаў у зьняволеньні. Але апошняя публікацыя
— гэта ўдар, разьлічаны на прэзыдэнцкую выбарчую кампанію.
Беларускі праект Закону аб інфармацыйнай бясьпецы будзе разглядацца
ў парлямэнце ў лютым. Няма ніякага сумневу, што паслухмяныя прэзыдэнту
парлямэнтары пастараюцца прыняць яго як мага хутчэй. Тады зьявіцца магчымасьць
забараніць ня толькі «Рэмба» і «Тэрмінатара», але й любы палітычны анэкдот,
бо адпаведныя ўладныя структуры будуць «на законных падставах прадпрымаць
прафіляктычныя і карныя дзеяньні». Шырокая грамадзкасьць запрашаецца да
ўдзелу ў мерапрыемствах, скіраваных на «выкрыцьцё хлусьлівых чутак, абвяржэньне
хлусьлівай інфармацыі, аналіз і крытіку навязваных фальшывых замежных каштоўнасьцяў».
Пераклаў
Сяргей Шупа
Самае папулярнае
1