З сёньняшняга дня выконваць абавязкі дзяржсакратара саюзу Беларусі і
Расеі замест Паўла Барадзіна будзе ягоны намесьнік Ігар Селіванаў. Адпаведнае
рапараджэньне падпісаў прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Касьянаў. Паміж беларускімі
і расейскімі афіцыйнымі асобамі разгарнулася спрэчка, ці меў Касьянаў паўнамоцтвы,
каб прымаць гэтае рашэньне.
Ігар Селіванаў зьяўляўся да апошняга часу намесьнікам Паўла Барадзіна.
Міхаіл Касьянаў прызначыў яго выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара і даручыў
рыхтаваць паседжаньне Рады міністраў саюзу Беларусі і Расеі, што мусіць
адбыцца 29 студзеня.
Беларускія афіцыйныя асобы адразу заявілі, што Касьянаў ня меў паўнамоцтваў,
каб прымаць адпаведнае кадравае рашэньне. Расейскія ўрадавыя чыноўнікі
не пагаджаюцца з такім пунктам погляду. Віцэ-прэм’ер Расеі Віктар Хрысьценка
заявіў, што Міхаіл Касьянаў прымаў гэтае рашэньне ня як кіраўнік расейскага
ўраду, але як старшыня Рады міністраў саюзнай дзяржавы. Таму гэта было
цалкам у ягонай кампэтэнцыі. Тую ж думку выказаў і іншы адказны прадстаўнік
расейскага ўраду Аляксей Волін. Калі б выканаўца абавязкаў ня быў прызначаны,
– заявіў ён, – то праца дзяржаўнага сакратарыяту была б параліжаваная,
спынілася б ягонае фінансаваньне.
Між тым, ёсьць вэрсія, чаму беларускі бок рэзка крытыкуе прызначэньне
Ігара Селіванава. Учора ў інтэрвію Радыё Свабода дэпутат расейскай Дзярждумы
Аляксей Мітрафанаў паведаміў, што два дні таму, знаходзячыся ў Маскве,
Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў прызначыць выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара
нейкага беларускага чыноўніка. Паводле словаў Мітрафанава сваю прапанову
Лукашэнка абмяркоўваў з прадстаўнікамі адміністрацыі прэздэнта Расеі. Атрымліваецца
так, што расейскі бок выслухаў Лукашэнку, а як толькі той зьехаў з Масквы,
ягоную прапанову адкрыта праігнаравалі.
Расейскія назіральнікі не выключаюць, што беларускі бок пасьля такіх
крокаў Расеі можа адмовіцца ад удзелу ў паседжаньні Рады міністраў саюзу.
Аляксей Волін наконт гэтага зазначыў (цытую): “Беларускі бок раней пацьвярджаў
свой удзел у паседжаньні, і пакуль мы ня маем ніякіх дакумэнтаў, што іхныя
пляны зьмяніліся”.
На паседжаньні Рады міністраў плянуецца абмеркаваць, у прыватнасьці,
бюджэт саюзу на бягучы год і праект пагадненьня аб саюзнай уласнасьці.
Праўда, як зазначыў Віктар Хрысьценка, некаторыя пытаньні могуць быць выключаныя
з парадку дня, бо іх рыхтаваў непасрэдна Павал Барадзін.
Віктар Дзятліковіч, Масква
Самае папулярнае
1