У кантэксьце сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Аскарам Акаевым варта зьвярнуцца
да палітычных і эканамічных працэсаў у Кыргызстане, якія, на думку аглядальнікаў,
маюць вялікія паралелі зь Беларусьсю. Мы зьвярнуліся з пытаньнямі адносна
палітычнай сытуацыі ў Кыргызстане і магчымых прычынаў сустрэчы Акаева з
Лукашэнкам да супрацоўніка Кыргызскай службы Радыё Свабода Эсэнбая Нурушава…
(Нурушаў: ) “Пасьля мінулагодніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў
у Кыргызстане вельмі цікавая палітычная сытуацыя. Рэч у тым, што ўсе прадстаўнікі
апазыцыі, якія бралі ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, пасьля паразы неяк сьціхлі.
Яны ў адзін голас сталі абвінавачваць лідэра апазыцыі спадара Кулава, што
ён, маўляў, вельмі адмоўна згуляў у гэтым працэсе, я не разумею, што маецца
на ўвазе. У друку былі публікацыі, у якіх Кулава абвінавачвалі, што ён
працаваў на ўлады. На дадзены момант самога Кулава арыштавалі, асудзілі
на 7 гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Ягоныя паплечнікі праводзяць
акцыі пратэсту ў Бішкеку”.
Аляксандар Лукашэнка часта паўтарае, што апазыцыю ў Беларусі падтрымлівае
мінімальная частка насельніцтва. Я запыталася ў Эсэнбая Нурушава ці падтрымліваюць
апазыцыю шырока ў Кыргызстане?
(Нурушаў: ) “У нас таксама ўлады, падобна спадару Лукашэнку, лічаць,
што апазыцыя ня мае так бы мовіць сацыяльнай базы сярод насельніцтва. На
мой погляд, у Кыргызстане ўсё ж ёсьць апазыцыя, але апазыцыя, партыі не
маглі дамовіцца. Яны не змаглі выставіць адзінага кандыдата на выбарах
і ў выніку кожны паасобку атрымалі моцную паразу ад адміністрацыі Акаева”.
Адносна візыту на эканамічны форум у Швэйцарыю, супрацоўнік Кыргызскай
службы Радыё Свабода Эсэнбай Нурушаў паведаміў, што мала вядома, зь якім
багажом і якой камандай едзе туды Акаеў. Самая верагодная вэрсія – рэабілітаваць
імідж краіны перад міжнароднымі арганізацыямі, бо пасьля скандалаў пад
час прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў, хаду якіх рэзка крытыкавала АБСЭ,
Міжнародны валютны фонд паставіў умову: калі Кыргызстан хоча разьлічваць
на дапамогу, афіцыйны Бішкек мусіць палепшыць сытуацыю ў сфэры правоў чалавека.
Запазычанасьць Кыргызстану ў пяць разоў перавышае гадавы бюджэт краіны,
таму важнасьць міжнароднай дапамогі сумненьня не выклікае. Эсэнбай Нурушаў
правёў тут паралелі з Аляксандрам Лукашэнкам, які замежную дапамогу фактычна
называе купляй.
(Нурушаў: ) “Прэзыдэнт Акаеў шмат разоў паўтараў пра неабходнасьць фінансавага
супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі для стабілізацыі краіны”.
Калі гаварыць пра сёньняшні візыт Акаева ў Менск, дык вэрсія афіцыйнага
беларускага боку наступная – настойлівая ініцыятыва сустрэчы з боку Акаева.
Я зьвярнулася да Эсэнбая Нурушава па камэнтар…
(Нурушаў: ) “Я дакладна ня ведаю пра матывы гэтай сустрэчы. Магчыма,
гэта пытаньні двухбаковых дачыненьняў. Магчыма – саюз Беларусі і Расеі
і пэрспэктывы далучэньня да гэтага саюзу Кыргызстана. Я б хацеў адзначыць
наступнае: тое, што робіцца ў Беларусі, у нас капіюецца. Перад адлётам
у Давос Акаеў правёў нараду, на якой заявіў літаральна наступнае: у Кыргызстане
трэба ўсталяваць амаль сталінскі парадак”.
З супрацоўнікам Кыргызскай службы Радыё Свабода Эсэнбаем Нурушавым гутарыла
Вольга Караткевіч, Прага
Самае папулярнае
1