Аляксандар Лукашэнка жадае прызначыць на месца Паўла Барадзіна нейкага
беларускага чыноўніка. Паводле зьвестак маскоўскіх палітыкаў, для таго,
каб абмеркаваць гэтую прапанову, ён прыяжджаў у Маскву. Рэпартаж з Масквы.
Па словах дэпутата Дзярждумы Аляксея Мітрафанава, А. Лукашэнка і наведаў
Маскву менавіта для таго, каб дамагчыся часовай замены Барадзіна на нейкага
беларускага чыноўніка. Справа ў тым, тлумачыць дэпутат, што Барадзін быў
адзіным распараджальнікам фінансавых сродкаў у межах беларука-расейскага
саюзу. Ягоная адсутнасьць спыняе любую фінансавую дзейнасьць, рэалізацыю
любых саюзных праектаў, і Лукашэнка жадае, каб выканаўцам абавязкаў дзяржсакратара
стаў прадстаўнік Беларусі, нягледзячы на тое, што гэтае месца зарэзэрваванае
за Расеяй.
Па інфармацыі Мітрафанава, Лукашэнка пад час знаходжаньня ў Маскве абмяркоўваў
сваю папанову ў тым ліку і з прадстаўнікамі адміністрацыі расейскага прэзыдэнта.
Але Мітрафанаў лічыць, што Лукашэнка не намагаўся сустрэцца з самім Пуціным.
Пра тое, што сустрэча з прэзыдэнтам Расеі не плянавалася, заявіў сёньня
і міністар замежных справаў Расеі Іваноў. Па словах міністра, яму (цытую)
“невядомыя сапраўдныя матывы настолькі пасьпешлівага ад’езду А.Лукашэнкі
з Масквы”.
У гэтую вэрсію ня надта вераць расейскія сродкі масавай інфармацыі.
Так, газэта “Коммерсантъ” лічыць, што Пуцін усё ж адмовіўся сустрэцца з
Лукашэнкам. Такім чынам, лічыць газэта, беларускаму госьцю далі зразумець,
што яму ня варта разьлічваць на падтрымку Расеі ня толькі ў абароне Барадзіна,
але і наогул у канфрантацыі з Захадам. Гэтую думку абгрунтаваў кіраўнік
замежнага аддзелу газэты “Московские новости” Зьміцер Бабіч. Крэмль, заначыў
ён, зараз жадае мець добрыя адносіны з новай амэрыканскай адміністрацыяй
і таму ня можа падтрымліваць жорсткую антызаходнюю палітыку Аляксандра
Лукашэнкі, у тым ліку і ў справе Барадзіна. Бабіч лічыць, што Лукашэнка
ўсё больш губляе шанцы наладзіць з Пуціным такія ж нефармальныя адносіны,
як з Барысам Ельцыным, бо сёньняшняму прэзыдэнту Расеі не падабаецца папулісцкі
палітычны стыль Лукашэнкі.
З такім пунктам погляду не пагаджаецца дэпутат Аляксей Мітрафанаў. На
ягоную думку, Лукашэнку мусяць задавальняць і сёньняшнія адносіны з афіцыйнай
Масквой. Спадар Мітрафанаў зазначыў (цытую): “Вялікіх палітычных разыходжаньняў
з Масквой у Лукашэнкі няма. Паводле ацэнкі Крамля, Лукашэнка кантралюе
сытуацыю ў Беларусі і без вялікіх праблемаў павінен выйграць выбары. Масква
наўрад ці будзе рабіць стаўку на іншага палітыка, і таму Лукашэнка не павінен
хвалявацца”.
Віктар Дзятліковіч, Масква
Самае папулярнае
1