Нашая карэспандэнтка ў Нью-Ёрку патэлефанавала ў турму, дзе знаходзіцца
Павал Барадзін, і даведалася пра ўмовы ягонага ўтрыманьня.
Павал Барадзін знаходзіцца ў камэры папярэдняга затрыманьня фэдэральнай
турмы ў Брукліне. Турма гэтая, як заўважаюць, адна з самых чыстых у Нью-Ёрку.
Камэра ў Барадзіна невялікая, прыкладна тры мэтры на тры, але ён тут знаходзіцца
адзін. Пра адзіноту Барадзіна старанна дбаюць тры амэрыканскія афіцэры
пракуратуры. Яны падстаўленыя да Барадзіна ў якасьці ахоўнікаў. Яны знаходзяцца
з высокапастаўленым расейскім чыноўнікам паўсюдна. Не адыходзяць яны ад
яго нават пад час пераклічкі, калі ўсе арыштанты стаяць на калідоры. Амэрыканцы
баяцца, каб з расейскім чыноўнікам нешта ня здарылася, бо тады не пазьбегнуць
гучнага міжнароднага скандалу.
Амэрыканскія афіцэры побач з Барадзіным і пад час штодзённых прагулак
– ужо ў першыя дні Барадзіна вывелі на прагулку як і ўсіх арыштантаў. Звычайна
ў гэты час усе гуляюць у баскетбол. Барадзін запытаўся ў сваіх ахоўнікаў,
ці ня можа і ён згуляць з усімі. Яму забаранілі, але пажаданьне арыштаванага
не адыходзіць ад спорту нават у турме было задаволенае – Барадзіну выдзялілі
адасоблены ад астатніх баскетбольшны кошык і свой уласны мяч. Так што зараз
расейскі затрыманец можа сам з сабою гуляць у баскетбол.
Да Барадзіна ставяцца ў турме як да вельмі важнай асобы. У камэры ў
яго ёсьць тэлефон. Ён мае магчымасьць нават выбраць сам сабе мэню – у яго
адразу запыталі, на што ў яго алергія, што ён не ўжывае ў ежу. Але сам
Барадзін заўважае, што кормяць яго ў амэрыканскай турме нармальна, як у
лякарні – такое ён сам выкарыстаў параўнаньне.
У першы ж дзень арышту да Паўла Барадзіна прыйшоў лекар. Ён адразу ж
затэлефанаваў у Маскву да асабістага лекара Барадзіна і даведаўся ўсе акалічнасьці
пра стан задроўя арыштанта.
Рэжым у турме, дзе знаходзіцца Барадзін, звычайны. Наведваць арыштаваных,
напрыклад, можна з 8:30 раніцы да 20:30 вечара. Менавіта ў гэты час і спатыкаюцца
з Барадзіным ягоныя адвакаты. Але заўсёды ў гэтыя часы ў турме разам з
Барадзіным знаходзіцца прадстаўнік расейскай амбасады. Як заўважаюць адвакаты,
калі ў наступны чацьвер, 25 студзеня, суд ня вызваліць Паўла Барадзіна
з-пад арышту, то ён можа застацца ў амэрыканскай турме нават на два гады!
Заўважна таксама ў Нью-Ёрку, што амэрыканцы, затрымаўшы Барадзіна, хацелі
б ад яго даведацца ўсю інфармацыю пра адмываньне грошай за часамі Ельцына
праз амэрыканскія банкі. Так што прадстаўнік расейскай амбасады і тут спрацоўвае
як гарант для расейскай улады – ён застаецца з Барадзіным нават пры прыватных
гутарках вязьня з адвакатамі.
Галіна Прыгара, Нью-Ёрк
Самае папулярнае
1