Факт узнагароды А.Лукашэнкі прэміяй “За единение славянских народов”
на нашую просьбу камэнтуе супрацоўнік аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў
Маскоўскага патрыярхату Аляксей Браўноў.
(Браўноў: ) “Гэтая высокая патрыяршая ўзнагарода прэзыдэнту Беларусі
Аляксандру Лукашэнку найперш сьведчыць аб тых заслугах беларускага прэзыдэнта
перад расейскай і беларускай дзяржавамі ў вялікай справе аб’яднаньня гэтых
двух старажытных славянскіх народаў, узьяднаньня іх.
Іх зьвязвае вельмі шмат агульнага. Беларускі Экзархат ўваходзіць у склад
Рускай Праваслаўнай Царквы і тут падзелу ніколі не было. І вось гэтая патрыяршая
ўзнагарода ўручаная Аляксандру Лукашэнку зьяўляецца падкрэсьленьнем вялікіх
заслугаў Лукашэнкі ў цяперашнім аб’яднаньні расейскай і беларускай дзяржаваў.
Як вядома, некаторы час таму вышэйшыя дзяржаўныя кіраўнікі Расеі і Беларусі
падпісалі пагадненьне аб стварэньні ў будучыні расейска-беларускага саюзу.
Найперш дзяржавы аб’ядналіся на ўзроўні вышэйшых чыноўнікаў, на ўзроўні
сьвецкіх уладаў. Што тычыцца царкоўнага ўзроўню, дык разьдзяленьня, паўтараю,
ніколі не існавала, і мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт зьяўляецца сталым
сябрам Сьвятога Сыноду Рускай Праваслаўнай царквы, што яшчэ раз пацьвярджае
мае словы”.
(Бандарук: ) “Аляксей Генадзевіч, Аляксандар Лукашэнка ня першы раз
сустракаецца з патрыярхам Аляксеем ды зь іншымі праваслаўнымі герархамі.
Сёньняшняя, высокая ўзнагарода – таксама ня першая, якую Аляксандар Лукашэнка
атрымоўвае з рук праваслаўных герархаў. З аднаго боку, Царква можа ўзнагроджваць
каго хоча, і гэта ейнае права. З другога боку, нельга забывацца пра тое,
што акрамя заслугаў для беларуска-расейскага саюзу, у сьвеце Аляксандар
Лукашэнка мае рэпутацыю дыктатара. Такое цеснае супрацоўніцтва царкоўнага
кіраўніцтва са сьвецкім лідэрам можа быць успрынятае, як падтрымка ягонага
палітычнага курсу? Ці Царкве не выпадала б быць больш дальнабачнай?”
(Бандарук: ) “Зразумела, але Вы ведаеце, Руская Праваслаўная царква,
як гэта неаднаразова гаварылася ў дакумэнтах архірэйскіх Сабораў маскоўскага
патрыярхату, і аб чым сьведчыць нядаўна прынятая сцыяльная канцэпцыя РПЦ,
ня ўдзельнічае ў палітычнай барацьбе. Царква заклікае ўсе здаровыя, канструктыўныя
палітычныя і грамадзкія сілы да згоднага супрацоўніцтва ў справе міру,
аб’яднаньня народаў, у дабрачыннай дзейнасьці, гэта значыць, ва ўсіх тых
сфэрах, да якіх РПЦ мае традыцыйнае, самае непасрэднае дачыненьне. І таму
тое, што ўзнагароду атрымаў прэзыдэнт Беларусі, зьяўляецца асаблівым падкрэсьленьнем
ягонай міждзяржаўнай дзейнасьці. РПЦ і ейны кіраўнік, сьвяцейшы патрыярх
Аляксей не зьбіраюцца ацэньваць тыя меркаваньні наконт Аляксандра Лукашэнкі,
якія пашыраныя ў некаторых колах, як пра пылітыка-дыктатара, на час кіраваньня
якога выпаў аўтарытарны рэжым. РПЦ ня лічыць для сябе патрэбным і магчымым
даваць ацэнку дзеяньняў дзяржаўнай улады ў Беларусі”.
Гутарыў
Кастусь Бандарук, Прага
Самае папулярнае
1