200 дзён, як пры загадкавых абставінах зьнік апэратар
ОРТ Зьміцер Завадзкі. Блізкія Зьмітра падазраюць, што сьледчыя органы маюць
намер спыніць пошукі зьніклага.
Павал Шарамет лічыць, што пасьля кадравых перастановак у праваахоўчых
органах справа Зьмітра Завадзкага набыла іншы накірунак. Гаворыць Павал
Шарамет:
(Шарамет: ) “Справа Зьмітра Завадзкага пашырылася да сямі эпізодаў.
Да звальненьня Бажэлкі й Мацкевіча яна мела два накірункі.
Першы быў зьвязаны з тым, што афіцэраў “Алмазу” й брыгады спэцыяльнага
рэагаваньня, якой кіраваў Паўлючэнка, абвінавацілі ў тым, што яны выконвалі
даручэньні найвышэйшых чыноўнікаў беларускай улады ў зьнішчэньні й запалохваньні
лідэраў апазыцыі.
Гэтая інфармацыя трапіла ў КГБ. Супрацоўнікі КГБ арыштавалі Паўлючэнку
й зрабілі ператрус у ягонай кватэры. Пад час ператрусу ў кватэры зьявіўся
Шэйман ды загадаў сьледчым спыніць усе дзеяньні. Ён нецэнзурна лаяўся на
падначаленых, патэлефанаваў Лукашэнку й пасьля гэтага Паўлючэнку вызвалілі,
а сьледзтва ў гэтым накірунку цалкам спынілі.
Сьледчых КГБ адхілілі ня толькі ад гэтай справы, але й ад справаў Віктара
Ганчара і Юр'я Захаранкі. Мацкевіч і Бажэлка звольненыя з працы. Галоўным
у гэтым скандале быў Мацкевіч, які шмат чаго даведаўся ў гэтай справе ды
ўжо баяўся выконваць загады Лукашэнкі, скіраваныя на “пахаваньне” гучных
справаў.
КГБшнікі пасьпяшаліся. Яны папросту разьлічвалі, што Лукашэнка звольніць
Шэймана, і такім чынам выканае ролю “добрага цара”, які папросту ня ведаў,
што ў яго злодзеі-памочнікі. Але выйшла інакш, і пацярпелі яны самі”.
Павал Шарамет далей распавёў пра другі накірунак сьледзтва й спыніўся
на ролі галоўнага падазраванага ў справе Завадзкага — былога спэцназаўца
Валер'я Ігнатовіча.
(Шарамет: ) "Напэўна, ёсьць інфармацыя пра дзеяньні гэтай брыгады, і
яна дакладна ёсьць у Маскве, але нейкія сілы яе хаваюць — відаць, каб даць
напярэдадні выбараў.
Сьледзтва падазрае, што Ігнатовіч таксама ўдзельнічаў у апэрацыях гэтай
брыгады. На думку сьледчых, Ігнатовіч рабіўся ўсё больш самастойным і пачаў
займацца бандытызмам ды рэкетам.
Сьледзтва ўжо даказала факты забойстваў групай Ігнатовіча ў Жодзіне,
у Мар’інай Горцы ды яшчэ чатыры забойствы. Ёсьць і некаторыя доказы датычнасьці
Ігнатовіча да справы апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Яны яшчэ не прад’яўленыя
адвакатам і самому Ігнатовічу.
Пасьля выпадку з Паўлючэнкам і звальненьня Бажэлкі й Мацкевіча Ігнатовіч
пачаў паводзіць сябе вельмі нахабна. Адмаўляецца адказваць на пытаньні,
самастойна хадзіць на допыты і ўвесь час выкрыквае: “Няхай жыве Лукашэнка!”
Дзе знаходзіцца Зьміцер Завадзкі, невядома. Мы ня ведаем, што зь ім
здарылася насамрэч. Ёсьць небясьпека, што справа Завадзкага будзе неўзабаве
спыненая, і сьледзтва пойдзе так, як і ў справах Ганчара й Захаранкі.
Застаецца пытаньне: “Паводле ўласнай ініцыятывы выкрадаў Завадзкага
Ігнатовіч, ці атрымаў загад?”" — паведаміў Павал Шарамет Радыё Свабода.
Зьміцер Наважылаў, карэспандэнт менскага бюро ОРТ, паведаміў нам наступнае:
(Наважылаў: ) "Кіраўніцтва МУС, кіраўніцтва сьледчай групы ўжо ня ўпэўненыя,
што гэта было злачынства. Менавіта так сказаў Уладзімер Навумаў.
На жаль, ужо 200 дзён — і ніякіх зьвестак пра нашага сябра. Ёсьць надзея,
што ён жывы, што ён знойдзецца, што сьледзтва будзе завершана, але з кожным
днём гэтая надзея меншае".
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1