Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Больш за 400 кліентаў гомельскай філіі “Белкамбанку” ня могуць атрымаць ані адсоткаў за ўнёскі, ані самых унёскаў. Скаргі й паходы да прадстаўнікоў банку, вэртыкалі, адміністрацыі Лукашэнкі безвыніковыя.

“Белкамбанк” спыніў выплаты гамельчукам за ўнёскі яшчэ летась увосень. Нейкі час людзі спадзяваліся, што сытуацыя нармалізуецца. А калі ў сьнежні ў многіх скончыліся дамовы, яны пачалі патрабаваць вяртаньня сваіх зьберажэньняў.

Аднак у банку патлумачылі, што сродкаў на гэта няма. Намесьнік кіраўніка філіі Сяргей Андрэенка й зараз пацьвярджае, што сродкі кліентаў, большасьць зь якіх, дарэчы, валютныя, на распараджэньне галоўнага банку перавялі ў Менск.

На гэткую заяву падначаленага намесьніца старшыні праўленьня па эканоміцы сталічнага “Белкамбанку” Ганна Бармаш адрэагавала эмацыйна:

(Бармаш: ) "Калі ў нас такі разумны намесьнік гомельскай філіі, які дае гэткія тлумачэньні, дык няхай і адказвае, чаму ён перадаў мільён унёскаў цэнтральнаму апарату. Ён працаваў у той сытуацыі, да якой новае кіраўніцтва банку дачыненьня ня мае", — сказала Ганна Бармаш.

Тым ня менш, і спадарыня Бармаш, і дырэктарка арганізацыйна-эканамічнага дэпартамэнту Зінаіда Коваль пацьвярджаюць, што ёсьць складанасьці з разьлікамі за ўнёскі.

З 11 філіяў банку, якія ёсьць у Берасьці, Горадні, Драгічыне, Маладэчне ды іншых гарадох, найбольш цяжкая сытуацыя менавіта ў Гомелі і Менску. Паводле словаў кіраўнікоў, аздараўленьне фінансавага становішча “Белкамбанку” яны зьвязваюць з крэдытам Нацыянальнага банку, вяртаньнем сваіх ранейшых рэсурсаў. Калі гэта адбудзецца, суразмоўцы адмовіліся патлумачыць.

Чаму ж у такім разе людзі давяраюць свае зьберажэньні няпэўным фінансавым структурам? Прычым, валютныя зьберажэньні. Распавядае гомельская ўкладчыца “Белкамбанку” Зінаіда Корхава, якая з мужам шмат гадоў зьбірала даляры на кватэру сыну.

(Корхава: ) "Я вырашыла пакласьці свае зьберажэньні, паслухаўшы выступленьне прэзыдэнта А.Лукашэнкі пра тое, каб людзі агульнымі намаганьнямі дапамаглі падняць эканоміку нашай рэспублікі. Паверыла ў гарантыі захаваньня грошай і выплаты на іх пэўных адсоткаў", — сказала пэнсіянэрка Корхава.

Цяпер зразумела, што тыя гарантыі маюць надзвычай адвольны характар.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG