(Эфір 20 Студзеня 2001)
Навіны культуры
Штат Міністэрства культуры за часоў Лукашэнкі скараціўся амаль напалову
— з 130 чалавек да 79. З прычыны малых заробкаў чатыры пасады застаюцца
вакантныя. Такая самая сытуацыя склалася і ў падначаленых Міністэрству
ўстановах культуры. Галеча прымушае актораў падпрацоўваць мантыроўшчыкамі
сцэны, а музыкантаў Дзяржаўнага сымфанічнага аркестру — іграць на пахаваньнях.
Тым ня менш дзяржаўныя тэатры ў 2000 годзе гераічна стварылі 94 новыя спэктаклі,
а музычныя калектывы — больш за 400 новых канцэртных праграмаў, сярод якіх
было амаль 300 твораў беларускіх кампазытараў.
Тэатар аднаго актора “Зьніч” адсьвяткаваў сваё 10-годзьдзе прэм’ераю
монаопэры Алега Залётнева “Адзінокі птах”, першай опэры ў беларускім мастацтве,
разьлічанай на аднаго сьпевака. “Адзінокі птах” распавядае пра апошні дзень
жыцьця Адама Міцкевіча. Рэжысэр і аўтар лібрэта Галіна Дзягілева скарыстала
вершы самога Міцкевіча, а таксама Яна Чачота й Рыгора Барадуліна. У спэктаклі,
які адбыўся ў менскай філярмоніі, узялі ўдзел Дзяржаўны сымфанічны аркестар
і хор "Sonorus". У ролі Міцкевіча выступіў саліст Опэрнага тэатру Віктар
Скарабагатаў.
Гістарычны будынак панскай сядзібы ў Лошыцкім парку перададзены ва ўласнасьць
менскаму гарвыканкаму. Раней тут месьціўся філіял Нацыянальнага мастацкага
музэя, які зрабіў капітальны рамонт будынку і пачаў фармаваць экспазыцыю
на тэму шляхецкага ладу жыцьця мінулых стагодзьдзяў, але сутыкнуўся зь
нястачаю сродкаў. Новы гаспадар зьбіраецца цалкам зьмяніць інтэр’ер сядзібы
і ператварыць яе ў дом адпачынку для чыноўнікаў гарвыканкаму.
Каля 160 вясковых клюбаў ня маюць ацяпьленьня, у тым ліку 45 — у Гомельскай
вобласьці. Бальшыня будынкаў установаў культуры былі збудаваныя 40–50 гадоў
таму й дагэтуль не рамантаваліся. У аварыйных будынках месьцяцца, сярод
іншых, Тэатар драмы імя Горкага, Менская мастацкая вучэльня, Беларуская
філярмонія, Дзяржаўны цырк, кінастудыя “Беларусьфільм” і 7 дзіцячых мастацкіх
школаў.
У мастацкай галерэі пры менскім Інстытуце Гётэ адчынілася выстава вядомага
фотамастака Ігара Саўчанкі “Над усёй Нямеччынай — бязвоблачнае неба”. Назва
выставы невыпадкова нагадвае пароль гішпанскіх фашыстаў 30-х гадоў. Саўчанка
шукае ў сваіх творах агульныя вытокі нямецкага й савецкага мілітарызму
сярэдзіны мінулага стагодзьдзя, паказвае савецкае войска як копію нямецкага
вэрмахту. Працягам выставы будзе канцэптуальная імпрэза, якая адбудзецца
26 студзеня ў галярэі "Nova". У праграме, сярод іншага, — дэманстрацыя
нямецкіх прапагандысцкіх кінастужак часоў вайны з Савецкім Саюзам.
Юрась Барысевіч, Менск
Самае папулярнае
1