Юры Хашчавацкі, рэжысэр фільма “Звычайны прэзыдэнт”,
летась закончыў працу над новай стужкай “Богі сярпа і молата” пра расейскую
праваслаўную царкву ды бальшавізм. Фільм увайшоў у праграму Бэрлінскага
кінафэстывалю, які адбудзецца на пачатку лютага.
Фільм "Богі сярпа і молата" Юры Хашчавацкі зьняў на замову франка-нямецкага
культурнага тэлеканалу "АРТЭ". Паводле рэжысэра, гэтая стужка распавядае
пра пэўную сувязь і падабенства бальшавізму й расейскай праваслаўнай царквы.
Не праваслаўя, а менавіта расейскай праваслаўнай царквы, падкрэсьлівае
рэжысэр, бо для яго гэта — адрозныя паняцьці.
(Хашчавацкі: ) “Расейская праваслаўная царква заўжды была ідэалягічным
аддзелам. Аляксій ІІ, патрыярх усяе Русі, чалавек, які мусіць адмоўна рэагаваць
на любы гвалт, абдымаецца з Лукашэнкам і дорыць яму копію помніка Ўладзімера
Сьвятога, зьбіральніка ўсіх расейскіх земляў. Як можа духоўны герарх падтрымліваць
лідэра, які грунтуецца на гвалце?”
Паводле рэжысэра, бальшавізм і расейскае праваслаўе маюць шмат агульнага.
Для абодвух багацьце — грэх, абодвум патрэбная вера без разуменьня.
Але бальшавікі імкнуліся стварыць новую рэлігію. Карл Маркс падобны
да Бога-бацькі, ён дае абранаму народу — пралетарыяту, галоўную кнігу —
"Капітал". Ленін мусіў быў замяніць бальшавікам Хрыста. Як мяркуе Хашчавацкі,
і бальшавізім, і расейская праваслаўная царква часам выкарыстоўваюць злачынныя
мэтады.
(Хашчавацкі: ) “Хто ў нас цяпер гандлюе гарэлкай? Мафія ды праваслаўная
царква, Філарэт. Вы ж ведаеце тую фірму “Дыяканія” ды ўсе гэтыя скандалы,
усе гэтыя грошы, мільёны даляраў, якія схаваныя ў Нямеччыне”.
Як распавёў Юры Хашчавацкі, ягоны фільм зроблены ў тым самым аўтарскім
стылі, што запачаткаваў калісьці ягоны настаўнік Міхаіл Ром, і які быў
выкарыстаны ў "Звычайным прэзыдэнце".
(Хашчавацкі: ) “Гэта шырэйшая за “Звычайнага прэзыдэнта” тэма, бо яна
ахоплівае вялікі гістарычны пэрыяд, і, натуральна, вядзецца пра той
імпэрскі імпульс, які йдзе з Расеі, прычым ідзе шмат стагодзьдзяў”.
Хашчавацкі выкарыстоўвае шмат бальшавіцкай кінакронікі. Але галоўны
герой стужкі — наш сучасьнік, далакоп Георгі Каваленка, які калісьці пахаваў
шмат сябраў Палітбюро. Канцоўка фільму, як паведаміў Юры Хашчавацкі, дапасаваная
да беларускіх падзеяў.
(Хашчавацкі: ) “Адна з апошніх сцэнаў у фільме паказвае, да чаго мы
прыйшлі. Лукашэнка на Вялікдзень уваходзіць у храм. Філарэт кажа: “Хрыстос
уваскрос!”, народ кажа: “Сапраўды ўваскрос”, а Лукашэнка адказвае: “Дзякуй,
дзякуй”. Праваслаўны атэіст…”
На пачатку лютага фільм "Богі сярпа і молата" будзе паказаны ў праграме
Бэрлінскага кінафэстывалю. Дарэчы, стужку прапаноўвалі розным расейскім
тэлеканалам. Фільм там спадабаўся, але паказваць яго адмовіліся.
Ганна Соусь, Менск
Самае папулярнае
1