Два дні таму наша радыё паведаміла пра выпадак людажэрства
ў Менску. Падазраваных у канібалізме пракуратура абвесьціла арыштаванымі
без прад’яўленьня абвінавачваньня на час сьледчых дзеяньняў.
Шасьцёра затрыманых, сярод якіх дзьве жанчыны — 25-гадовая санітарка
шпіталю й 43-гадовая кухарка, ды чацьвёра мужчынаў — рабочы заводу, два
беспрацоўных ды былы расейскі матрос, зь сёньняшняга дня лічацца арыштаванымі.
Іх падазраюць у тым, што ў навагоднюю ноч забілі мужчыну, зь ягоных
вантробаў прыгатавалі стравы на сьвяточны стол, а пасьля гэтага “баляваньня
канібалаў” выкінулі часткі цела ў Вялейскі канал на скрыжаваньні вуліцы
Філімонава і праспэкту Скарыны.
Пад час допытаў некаторыя зь іх прызналіся, што ўжывалі стравы з чалавечыны,
каб закусваць гарэлку. Сьледчыя гарадзкой пракуратуры разглядаюць гэтую
справу як звычайнае бытавое забойства. Грамадзяне ж сталіцы лічаць, што
гэты выпадак надзвычайны.
(Спадар: ) “Гэта жудасная гісторыя. Каб такое ў Менску? Нешта ў гэтым
зьвярынае”.
(Спадарыня: ) "Я лічу, што гэта ня проста забойства. Гэта вельмі шакуе”.
(Спадар: ) “І гэты выпадак, і забойства Дзеда Мароза сьведчаць пра тое,
што няма аніякіх ідэялаў, нічога. Гэта вынік таго, што цягнецца ў нас гадоў
300”.
Ёсьць і гэткае меркаваньне:
(Спадар:) "Я лічу, што гэта вынік таго, як ва ўсіх сфэрах грамадзтва
ставяцца да чалавека. Бо чалавечае жыцьцё цяпер не ўяўляе аніякай каштоўнасьці
для дзяржавы і для іншых людзей. І можна сказаць, што й душа чалавека ня
мае аніякай каштоўнасьці".
Старшы памочнік гарадзкога пракурора Алег Агафонаў прааналізаваў гэтую
сытуацыю:
(Агафонаў: ) “Гэта звычайнае побытавае забойства. У Менску толькі сёлета
ўжо некалькі расьсечаных трупаў у розных раёнах гораду. На тле крымінагеннай
сытуацыі, якая рэзка пагаршаецца, гэты выпадак мы разглядаем як шараговую
справу.
Мы маем алькагалізацыю грамадзкасьці, якая дасягнула крытычнай адзнакі
і, што самае страшэннае — наркаманізацыю, ад якой гадоў праз 5 нам усім
будзе вельмі кепска. А цяпер мы маем такую зьяву як беспрычынныя побытавыя
забойствы, неапраўдана жорсткія.
Тут і сродкі масавай інфармацыі вінаватыя. На расейскіх каналах, якія
глядзіць большасьць нашага насельніцтва, паказваюць фільмы з “чарнухаю”.
Тут нейкі сацыяльны выбух. Разумееце, у нас няма аніякіх спэцыяльных
дасьледаваньняў. Таму й гэтым разам супрацоўнікі пракуратуры не зьдзівіліся.
Ну, проста яшчэ адно забойства”, — гэтак мяркуе памочнік гарадзкога пракурора
Алег Агафонаў.
Псыхолягі камэнтаваць выпадак канібалізму да заключэньня псыхіятрычнай
экспэртызы адмаўляюцца. Яны лічаць, што, найверагодней, вінаваты алькагалізм,
які вядзе да дэградацыі асобы.
У беларускім Крымінальным кодэксе няма артыкулу, які прадугледжвае пакараньне
за канібалізм, бо няма нават такога тэрміну. Супрацоўнікі пракуратуры схіляюцца
да думкі, што замест людажэрства ў гэтай справе будзе ўжыты артыкул “зьдзек
з трупа”.
Любоў Лунёва, Менск
Самае папулярнае
1