Дзяржаўны камітэт статыстыкі й аналізу падвёў вынікі
працы ў дзяржаўным сэктары за 2000 год. Амаль паўсюль — вялікія эканамічныя
посьпехі. Незалежныя эканамісты ўсё ж мяркуюць, што гэтыя паказчыкі
патрабуюць значных карэктываў і тлумачэньняў.
Леташняя аналягічная справаздача Дзяржкамстату выклікала шмат пытаньняў
перш за ўсё ў эканамістаў. Лічбы відавочна не адпавядалі рэальнасьці. У
кулюарных размовах эканамістаў часта можна было пачуць пра "сацыяльны заказ
улады".
У цяперашняй справаздачы большасьць лічбаў нашмат пераўзыходзіць нават
спрэчныя паказчыкі мінулага году. Згодна са зьвесткамі Дзяржкамстату, аб'ём
сукупнага ўнутранага прадукту ў 2000 годзе вырас на 6% у параўнаньні з
1999-м. Выпуск прамысловай прадукцыі павялічыўся на 9%, спажывецкіх тавараў
на 2,5%, а раздробны таваразварот на 8,5%.
Віцэ-прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа кажа, што ўсе
гэтыя лічбы трэба разглядаць вельмі скептычна:
(Патупа: ) "Калі мы размаўляем пра гэты ўнутраны прадукт, цікава, якія
адсоткі бартэру ў эканоміцы гэтай краіны. Пры дужа высокай вазе бартэру
гэтыя лічбы памылковыя фактычна на 5–6%, таму ўся гэтая дэманстрацыя пад
вялікім пытаньнем.
Таму я на гэтыя лічбы вельмі скептычна гляджу. Я б глядзеў на гэта так,
як па міжнародных стандартах патрэбна. Гэта ж не жывыя грошы, а ўлік папяровы
ці кампутарны", — мяркуе А.Патупа.
Найбольшыя паказчыкі прыпадаюць на сельскую гаспадарку. Аб'ёмы сельгаспрадукцыі
перавысілі лічбы 1999 году амаль на 9%. Бульбы ў 2000 годзе сабрана больш
на 16%, збожжа на 33%, ільну на 78% і г.д.
Дзяржаўныя закупы сельгаспрадукцыі перавысілі 50% у параўнаньні з 1999
годам. Камэнтары з нагоды незвычайных працоўных посьпехаў Беларусі акадэміка
Івана Нікітчанкі амаль такія ж, як і ў спадара Патупы — гэта не адпавядае
рэчаіснасьці: фінансаваньне сельскай гаспадаркі ў 2000 годзе адбывалася
паводле рэшткавага прынцыпу.
Падвышэньня ж заробкаў амаль няма (сярэдні заробак каля $35, у эквіваленце),
індэкс спажывецкіх коштаў у адносінах да сьнежня 1999 году склаў ажно 207%.
Парадокс, але вызначаны ўрадам пражытковы мінімум перавышае заробкі
асобных сацыяльных групаў — прыкладам, настаўнікаў, лекараў, нізкакваліфікаваных
рабочых. Тым часам кошты на тавары найпершай неабходнасьці працягваюць
расьці, у шэрагу выпадкаў яны пераўзыходзяць міжнародны ўзровень.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1