Як адаб’ецца арышт Паўла Барадзіна на беларуска-амэрыканскіх і беларуска-расейскіх
дачыненьнях? Камэнтар Радыё Свабода…
Зьнешне арышт Барадзіна выглядае як поўха Крамлю і асабіста Пуціну.
Але суд у ЗША незалежны, і запрасілі Барадзіна на інаўгурацыю прэзыдэнта
ЗША ўплывовыя сябры каманды Джорджа Буша. Так што, калі і варта казаць
пра нейкі выклік, то кінуты ён ня новаю адміністрацыяй ЗША, а міжнароднай
законнасьцю ды незалежнасьцю галінаў улады ў Амэрыцы. Ці успрыме прэзыдэнт
Расеі гэты выпадак менавіта як выклік, і як адкажа на яго – яго справа,
але ж Аляксандра Лукашэнку ў дадзеным выпадку ніхто выпрабоўваць і не зьбіраўся.
Тым ня менш адказ афіцыйнага Менску быў імгненным і вельмі эмацыйным.
“Яны праявілі высокую дэмакратыю і сказалі, што ў чацьвер і ў суботу ноччу
Барадзін будзе ў чорным смокінгу. У якім ён апынуўся смокінгу?” – такім
рытарычным пытаньнем адрэагаваў кіраўнік Беларусі на паведамленьне пра
арышт дзяржсакратара саюзу Беларусі і Расеі.
Адказ на пытаньне Аляксандра Лукашэнкі відавочны, але куды больш цікавае
пытаньне, у якім “смокінгу” апынуўся ў сувязі з гэтым сам беларускі кіраўнік,
як арышт Барадзіна адаб’ецца на беларуска-амэрыканскіх адносінах і на лёсе
саюзу, справамі якога так няўрымсьліва займаўся былы кіраўнік справамі
прэзыдэнта Расеі.
Відавочна, што вобраз Беларусі ў вачох сьвету навогул, і Амэрыкі ў прыватнасьці,
гэтая гісторыя не палепшыць. Лукашэнку на Захадзе дакаралі за шмат якія
грахі, але афіцыйных абвінавачваньняў у карупцыі на адрас менскіх уладаў
амаль не гучала. Зараз жа скандал вакол асобы дзяржскаратара Саюзу зь яго
сумніўнымі гэшэфтамі ўскосна кідае цень і на Беларусь, хаця б паводле прынцыпу
: “Скажы, хто твой сябра, і я скажу, хто ты”.
Праўда, патоку амэрыканскіх інвэстыцыяў у Беларусь, які б мог абмялець
ад такой цені, і зараз не назіраецца, так што вялікай шкоды далейшае пагаршэньне
міжнароднай рэпутацыі Беларусі не прынясе. Але і карысьці, відавочна, таксама.
Пры гэтым варта прыгадаць, што год таму даволі высокапастаўленыя беларускія
чыноўнікі камэнтавалі прапанову Масквы зрабіць Барадзіна “галоўным у інтэграцыі”
даволі кісла. Дарадца Лукашэнкі Сяргей Посахаў, які зараз абвінавачвае
ЗША “у непавазе да дэмакратыі і правоў чалавека”, год таму ў інтэрвію Радыё
Свабода казаў, што кандыдатура Барадзіна выклікае вялікія сумневы.
Былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Іван Пашкевіч
і сёньня заявіў, што скампрамэнтаваны Барадзін шкодзіць міжнароднаму іміджу
саюзу. Наўрад ці гэтыя меркаваньні зусім ужо супярэчаць меркаваньням самога
Лукашэнкі і год таму, пры прызначэньні Барадзіна, і зараз.
Тым ня менш зараз кіраўнік Беларусі ахарактарызаваў арышт Барадзіна
наступным чынам.
(Лукашэнка: ) “Я разглядаю гэта як вельмі недружалюбны ўчынак ЗША ў
дачыненьні да абедзвюх дзяржаваў – Беларусі і Расеі – і перш за ўсё супраць
іх саюзу. Я вымушаны рэагаваць на гэтае рашэньне, бо я старшыня Вышэйшага
дзяржаўнага Савету саюзу Беларусі і Расеі”.
Лукашэнка дадаў, што ён як старшыня вышэйшага савету саюзу нават даў
Барадзіну дазвол на паездку ў ЗША. Гучыць гэта даволі сьмешна, улада кіраўніка
Беларусі над расейцам Барадзіным ня большая, чым улада ангельскай каралевы
над, прыкладам, грамадзянінам Канады, што ўваходзіць у Брытанскую судружнасьць
нацыяў.
Каб зразумець прычыны такой шумнай рэакцыі афіцыйнага Менску, варта
прыгадаць цяпершні стан беларуска-расейскіх дачыненьняў. У параўнаньні
з ельцынскімі часамі яны сталі больш халоднымі і прагматычнымі з боку Масквы.
Крэмль жорстка атрымлівае ад Менску ўсё, што яму патрэбна, прычым беларускі
кіраўнік зь яго панславісцкай рыторыкаю і прагаю ўлады ў склад гэтага патрэбнага
не ўваходзіць.
Адзіны шанец Лукашэнкі хаця б захаваць свае пазыцыі – рэзкае абвастрэньне
адносінаў Расеі з Захадам. Тады абвастраюцца геапалітычныя “комплексы непаўнавартасьці”
расейскай палітычнай эліты: “Расею ніхто ня любіць і не паважае”, “Захад
– вораг” і гэтак далей. І тут Лукашэнка, гатовы абараняць інтарэсы Расеі
хоць пад Берасьцем, хоць пад Ню-Ёркам, аказваецца вельмі карысным і прыемным.
Расейскім прастолам за гэта, зразумела, не ўзнагародзяць, але ўтрымацца
ў Менску можа і дапамогуць. Ці хаця б не перашкодзяць. Тут ня тое што Барадзіна,
каго заўгодна абараняць будзеш.
Юры Дракахруст, Прага
Самае папулярнае
1