Украінская амбасада ў Менску незадаволеная выступамі
беларускіх дзяржаўных СМІ ды чыноўнікаў, якія рэзка крытыкуюць афіцыйны
Кіеў. Амбасадар Анатоль Дронь паведаміў, што заплянаваная на студзень сустрэча
А.Лукашэнкі з Л.Кучмам, верагодна, не адбудзецца.
Спачатку А.Лукашэнка заявіў у "Савеце Рэспублікі", што кіраўнік Украіны
Л.Кучма, нягледзячы на ягоную празаходнюю палітыку, усё ж атрымаў "тэндэнцыі
да імпічмэнту прэзыдэнта".
Потым спадар Лукашэнка абвесьціў у тэлепраграме "Панарама", што сам
будзе найбольш незалежным кандыдатам на беларускіх прэзыдэнцкіх выбарах
— у адрозьненьне ад Л.Кучмы, які залежыць ад сваіх алігархаў.
Нарэшце, у тым жа тэлеінтэрвію А.Лукашэнка заклікаў паглядзець, што
робіцца ў Крыме ды Заходняй Украіне, ды скарыстаў фразы "стаяць пад ружжом"
і "калі заўтра вайна…".
Спадара Лукашэнку падтрымала ягоная газэта "Советская Белоруссия", якая
ў вялікім артыкуле "Палітычныя завулкі Храшчаціка" паінфармавала чытачоў,
што ва Ўкраіне нібыта ўсім кіруе групка набліжаных да прэзыдэнта асобаў.
Я папрасіў украінскага амбасадара ў Менску Анатоля Дроня пракамэнтаваць
гэтыя выступы.
(Дронь: ) "Я хачу ўвогуле сказаць, што ўкраінская тэматыка зноў актыўна
агучваецца як у выступах кіраўніцтва Беларусі, гэтак і ў беларускіх СМІ.
Прычым, трактоўка падзеяў ва Ўкраіне незалежнымі, апазыцыйнымі аналітыкамі
сутнасна адрозьніваецца ад пазыцыі афіцыйных выданьняў. Як нам бачыцца,
апошнія неяк прадузята выкладаюць сутнасьць працэсаў у нашай дзяржаве,
якія падаюцца ў кантэксьце перавагі так званай стабільнай беларускай мадэлі
на тле зноў жа так званай украінскай нестабільнасьці. Мне здаецца, што
публікацыя ў "Советской Белоруссии" якраз гэтым адрозьніваецца".
Я спытаўся ва ўкраінскага амбасадара, ці не пашкодзяць такія выступы
двухбаковым адносінам паміж Менскам і Кіевам.
(Дронь: ) "Адносна ўплыву на двухбаковыя дачыненьні, я заўжды гаварыў
пра тое, што нэгатыўна ўплываюць публікацыі як беларускіх СМІ, гэтак і
ўкраінскіх СМІ пра Беларусі, калі яны неаб'ектыўныя".
На маё пытаньне, ці адбудзецца заплянаваная на студзень у Чарнігаве
сустрэча А.Лукашэнкі з Л.Кучмам, амбасадар Украіны ў Менску адказаў гэтак:
(Дронь: ) "Была дамоўленасьць пра чарговую рабочую сустрэчу ва Ўкраіне,
у Чарнігаве. Дата сустрэчы пакуль што ня вызначаная, як і ня вызначаныя
тыя пытаньні, што мусяць на той сустрэчы абмяркоўвацца", — сказаў спадар
Дронь і дадаў, што Кучма ды Лукашэнка ўжо двойчы сустракаліся летась на
беларускай тэрыторыі — у Берасьці й Менску.
Кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў дамовіліся сустрэцца ў студзені ва ўкраінскім
горадзе, каб заслухаць справаздачы ўрадаў пра разьвіцьцё двухбаковых адносінаў.
Але амбасадар Дронь даведаўся зь беларускае дзяржаўнае прэсы пра наступны
парадак дня сустрэчы Лукашэнкі з Кучмам.
(Дронь: ) "Беларуская ўрадавая газэта "Рэспубліка" 10 студзеня назвала
ўжо некаторыя тэмы перамоваў. Гэта стварэньне на тэрыторыі некалькіх дзяржаваў
СНД адзінае энэргетычнае прасторы, быццам бы таксама пойдзе размова пра
стварэньне трыюмвірату ў складзе Беларусі, Расеі, Украіны, ну й падобныя
пытаньні. Мне нічога невядома пра крыніцу такое інфармацыі", — заявіў амбасадар
Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1