Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Каля 3 000 асуджаных павінны датэрмінова выйсьці на волю па ўвядзеньні новых кодэксаў; больш за 20 000 маюць шанец атрымаць лягчэйшае пакараньне.

Ня менш за 3 гады можа цягнуцца перагляд крымінальных справаў, адказнасьць па якіх, згодна з новым Крымінальным кодэксам, меншая за ранейшую. А гэта азначае, што многія зь вязьняў, якія разьлічваюць на палёгку, наўрад ці яе дачакаюць.

Гэта прызналі сёньня на адмысловай нарадзе ў Вярхоўным судзе судзьдзі гэнага суду й старшыні абласных і гарадзкіх судоў. Яны накіравалі ў Камітэт выкананьня пакараньняў зварот, дзе просяць найперш прадстаўляць для разгляду справы тых вязьняў, якія паводле новага Крымінальнага кодэксу павінны ўжо пайсьці на волю. Такіх справаў, згодна з падлікамі міліцыі, прыкладна 3 000.

Пры гэтым судзьдзі нагадалі, што яшчэ ім давядзецца разгледзець больш за 25 000 справаў. Між тым, колькасьць судзьдзяў ня большае, ды й заробкі іхныя застаюцца ранейшыя.

Асаблівы цяжар пакладзецца на суды Менскай, Магілёўскай і Віцебскай абласьцей, у кожнай зь якіх неўзабаве пачнецца перагляд ад 5 000 да 6 000 справаў.

"Старшыні раённых судоў усё больш настойліва ставяць пытаньне пра павелічэньне штатаў, але пакуль гэтая праблема ня вырашаная", — прызналі ў прэсавай службе Вярхоўнага суду Беларусі.

А вось для адвакатаў пераход на новыя Крымінальны і Крымінальна-працэсуальныя кодэксы ўжо адкрывае дадатковыя пэрспэктывы.

Паводле міністра юстыцыі Генадзя Варанцова, які ўдзельнічаў у нарадзе, адвакацкія калегіі неўзабаве будуць пашыраныя на 250 месцаў. Спадар Варанцоў запэўніў, што гэты захад збольшага задаволіць сёлета патрэбу ў абаронцах.

Дарэчы, паводле новага Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, роля адваката ў судовым працэсе становіцца больш значнай. Без удзелу абаронцаў ня будзе аніводнага судовага працэсу.

Нагадаю, што сярод тых 3 000 беларускіх вязьняў, якія сёлета разьлічваюць на волю, ёсьць і дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Кудзінаў, які правёў за кратамі 4 гады. Судзьдзі прызнаюць, што згодна з новым Крымінальным кодэксам Кудзінаў ужо павінен быць вольны.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG