Больш за 80 жыхароў Магілёва, пераважна актывісты
магілёўскай абласной рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу, заявілі
гарвыканкаму пра намер правесьці 3 лютага пікет, мітынг і дэманстрацыю.
Гэтыя акцыі — пратэст супраць перасьледу актывістаў Свабоднага прафсаюзу
і нежаданьня ўладаў рэгістраваць першасныя суполкі Свабоднага прафсаюзу.
Цягам апошніх 14 месяцаў яны ня могуць зарэгістраваць у Магілёве свае першаснай
арганізацыі. Чынавенства патрабуе, каб далі даведку пра юрыдычны адрас.
Адрас жа адмаўляюцца прадастаўляць адміністрацыі прадпрыемстваў.
Акрамя таго, з шэрагу прадпрыемстваў, у прыватнасьці з Заводу штучнага
валакна й Магілёўскага аўтазаводу звольнілі старшыняў першасных арганізацыяў.
Да гэтага часу аблвыканкам адмаўляецца пайсьці на перамовы зь лідэрамі
Свабоднага прафсаюзу.
Вядома, што суд Кастрычніцкага раёну задаволіў пазоў Свабоднага прафсаюзу
з патрабаваньнем паставіць на ўлік некалькі першасных арганізацыяў у адміністрацыі
Кастрычніцкага раёну. Аднак рашэньне дагэтуль ня выкананае.
Адначасова з накіраваньнем заявы чальцы Свабоднага прафсаюзу пачалі
збор подпісаў сярод магілёўцаў, якія падтрымліваюць гэтую арганізацыю.
Магілёўцы лічаць, што напярэдадні выбараў на прэзыдэнта іх пазбаўляюць
права аб'яднацца ў прафсаюз ды не даюць кантраляваць выбараў, бо яны ня
змогуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў.
Удзельнікі акцыі 3 лютага таксама мяркуюць пратэставаць супраць зьніжэньня
жыцьцёвага ўзроўню працоўных і затрымак з выплатай заробкаў.
Аўтары заявы плянуюць наладзіць акцыю ў месцах, традыцыйна забароненых
уладай: пікет ля аблвыканкаму, шэсьце па цэнтральнай вуліцы гораду і мітынг
на Савецкай плошчы.
На думку лідэра магілёўскай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу
Юр'я Новікава, акцыі пратэсту — крайняя мера, але цяпер яны ня бачаць іншых
магчымасьцяў паўплываць на ўлады.
Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў
Самае папулярнае
1