Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Першая прэсавая канфэрэнцыя новага міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава пачалася з бойкі ў вэстыбюлі Міністэрства.

Інцыдэнтам з бойкай, крывёю ды біцьцём вокнаў пачалася сёньня першая для новага міліцэйскага міністра Ўладзімера Навумава прэсавая канфэрэнцыя.

На гэтае мерапрыемства ў будынку Міністэрства на вуліцы Ўрыцкага міліцыянты не прапусьцілі дэпутата, праваабаронцу й карэспандэнта “Народнай волі” Валер'я Шчукіна. Маўляў, ён не працуе стала ў газэце.

Валеры Шчукін з пасьведчаньнем сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў спрабаваў прарваццца праз заслону ахоўнікаў, але яго павалілі на падлогу. У бойцы былі пабітыя дзьве шыбы ў дзьвярах, сам жа Шчукін параніў сабе нагу.

Праз дваццаць хвілінаў Шчукіна забрала машына хуткай дапамогі. Лекары казалі, што ён атрымаў траўму сярэдняй цяжкасьці й яму патрэбная апэрацыя. Тымчасам ахоўнікі пачалі складаць пратакол правапарушэньня, якое яны вызначалі як дробнае хуліганства.

Міністар Уладзімер Навумаў з гэтай фармулёўкай пакуль згодны:

(Навумаў: ) "Я не лічу Шчукіна журналістам. Я хацеў бы, каб ён быў, як усе. Ствараць жа сабе імідж праваабаронцы тым, што, маўляў, куды хачу — туды іду…

Гэта чарговае дробнае хуліганства, якое сыходзіць з рук Шчукіну, бо ён абраў сабе такі імідж".

Нагадаю, сам Валеры Шчукін тлумачыць свае незвычайныя паводзіны патрэбаю змагацца за права атрымліваць інфармацыю згодна з Законам аб друку, бо гэтае права парушаецца.

Журналісты, якіх без праблемаў прапусьцілі на прэсавую канфэрэнцыю, сваё права задаваць пытаньні рэалізавалі, але адказы, відаць, задаволілі ня ўсіх.

Гаворачы пра справы зьніклых, міністар Ўладзімер Навумаў не сказаў анічога новага. Ён заявіў, што яшчэ нікому па справе Завадзкага не прад’яўлена абвінавачваньня, расьсьледаваньне вядзецца, калі будуць вынікі — невядома.

Затое міністар абвінаваціў журналістаў, якія пішуць на гэтую тэму, у стварэньні праблемаў для сьледзтва. "Гэта пакуль нам не дапамагае", — кажа міністар.

Яшчэ больш шчырым ён быў, адказваючы на пытаньне пра расьсьледаваньне зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Юр'я Захаранкі:

(Навумаў: ) "Я стаўлюся да гэтай справы як да звычайнай, ня стаўлю за мэту вырашыць яе коштам іншых падобных справаў, а ў нас за год зьнікае больш за 5 тысячаў людзей. Такая мая пазыцыя, як бы гэта цынічна не гучала".

Затым Уладзімер Навумаў паведаміў пра пэўныя посьпехі ў раскрыцьці злачынстваў, улучна з тымі, у якіх абвінавачваюць самых міліцыянтаў.

Паводле міністра, да 10% супрацоўнікаў былі пакараныя за розныя парушэньні. Але толькі 90 чалавек — па крымінальных справах. Уладзімер Навумаў сказаў, што да пакараных у дысцыплінарным парадку адносяцца й тыя 10 міліцыянтаў, якія незаконна затрымлівалі журналістаў 25-га сакавіка, на леташні Дзень Волі.

"Усім вядома, што мы ў журналістаў папрасілі прабачэньня", — сказаў міністар У.Навумаў. Гэтыя словы прагучалі неадпаведна таму, што перад тым адбылося ў будынку Міністэрства з Валер'ем Шчукіным.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG