Выйшаў у сьвет энцыкляпэдычны даведнік “Беларусы ў
сьвеце”. Першы том гэтага ўнікальнага выданьня днямі зьявіцца ў кнігарнях.
Пра нашых невядомых землякоў ды пра іншае гутараць наш карэспандэнт і прэзыдэнт
Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў прафэсар Адам Мальдзіс.
(Мальдзіс: ) "Зь Беларусі, па маіх падліках, паходзяць чатыры ляўрэаты
Нобэлеўскай прэміі. Сярод іх Алфёраў, які не хавае сваёй беларускасьці.
Ён нарадзіўся ў Віцебску, бацькі ягоныя родам зь Беларусі — ён падкрэсьлівае
гэта".
Пра тое, што знакаміты фізык Жарэс Алфёраў — ураджэнец Беларусі, творчы
калектыў 3-томнага энцыкляпэдычнага даведніка “Беларусы ў сьвеце” ведаў
яшчэ чатыры гады таму. Тады распачалася праца над першай кнігай даведніка
— “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах”.
Апошнюю крыску — Нобэлеўская прэмія за 2000 год — у біяграфію Алфёрава
навукоўцы ўносілі ўжо ў друкарні. Зьяўленьне тома ў кнігарнях затрымалася
з-за працяглых калядных сьвятаў.
І ўсё ж затрымка даведніка на пару тыдняў з-за адпачынку друкароў —
не галоўнае. Насамрэч даведнік мусіў выйсьці значна раней.
Дзяржава не прафінансавала ягонага выданьня праз адмысловае выдавецтва
“Беларуская энцыкляпэдыя”, хаця праца над даведнікам вялася ў межах дзяржаўнай
праграмы “Беларусы ў сьвеце”. На збор матэрыялаў дзяржава некалі выдаткавала
частку сродкаў. Пакуль жа даведнік ствараўся, фінансаваць ягонае выданьне
дзяржава ўжо палічыла непатрэбным.
Гэта ўсё ж не спыніла стваральнікаў. Адам Мальдзіс тлумачыць:
(Мальдзіс: ) "Я перакананы, што гэтая работа патрэбная, каб умацаваць
прэстыж Беларусі, каб даказаць, што мы ёсьць у сьвеце.
Мы прысутнічаем, бяз нас ні Эўропа, ні сьвет ня могуць абысьціся. І
тады нам аніякія глябалізацыі, аніякія віртуалізацыі там, інтэграцыі ня
будуць страшныя. Як яны ня страшныя маленькай Бэльгіі, скажам, ці маленькай
Галяндыі.
У якім бы парадку не аб'ядноўваліся дзяржавы — у эканамічным, палітычным,
яны гэтага не баяцца, бо ёсьць самасьвядомасьць, ёсьць свой мэнталітэт,
і ён бароніць ад усялякіх гэтых глябальных працэсаў".
Даведнік выдала прыватнае выдавецтва “Энцыкляпэдыкс”. Праўда, наклад
мізэрны — усяго 1 000 асобнікаў.
Наступныя ж два тамы выданьня пры цяперашнім стане рэчаў могуць наогул
не зьявіцца з друку. Бо калі зьбіральнікі матэрыялаў ды навуковыя рэдактары
яшчэ працуюць на энтузіязме, дык друкарскія выдаткі энтузіязмам не аплоціш.
Магчымасьці прыватных фундатараў у Беларусі штодзень скарачаюцца. І
мы можам так і не даведацца, хто ж яшчэ, акром Жарэса Алфёрава, тыя чацьвёра
нашых суайчыньнікаў, якія атрымалі Нобэлеўскую прэмію.
Валянціна Аксак, Менск
Самае папулярнае
1