Што думаюць пра стан псыхічнага здароўя Аляксандра Лукашэнкі прафэсійныя
псыхіятры, прадстаўнікі беларускіх уладаў і палітычныя дзеячы, якія пэўны
час працавалі разам з гэтым чалавекам. Іхныя меркаваньні…
Рэакцыя ўсіх адмыслоўцаў-псыхіятраў, да якіх я сёньня зьвяртаўся па
камэнтар з нагоды публікацыі ў “Нашай Свабодзе” заключэньня лекара Зьміцера
Шчыгельскага аб стане здароўя Аляксандра Лукашэнкі, была амаль аднолькавай
– псыхіятры адмаўляліся гаварыць пра верагоднасьць дыягназу, пастаўленага
на газэтных старонках кіраўніку дзяржавы і гаварылі, што хочуць спакойна
дапрацаваць да пэнсіі.
Тым ня менш, некаторыя спэцыялісты сваім меркаваньнем падзяліліся. Гаворыць
галоўны лекар Рэспубліканскага клінічнага псыхіятрычнага шпіталю “Навінкі”
Аляксандар Зарко:
(Зарко: ) “Каб казаць пра дыягназ, трэба ведаць чалавека. Я ні з кім
ня гутарыў, нікога ня бачыў. А тое, што гавораць і пішуць, гэта лухта можа
быць такая, што... Я думаю, што на гэтае пытаньне вам ніхто адказваць ня
будзе. Каб мне выказаць нейкую думку, трэба гутарыць з пацыентам мінімум
гадзіну, потым рабіць высновы. А гэтыя “качкі” мне не патрэбныя, я лекар,
а не экстрасэнс. Толькі камісія псыхіятраў можа паставіць правільны дыягназ”.
У сваім заключэньні Зьміцер Шчыгельскі сьцьвярджае, што паколькі Аляксандар
Лукашэнка пакутуе на псыхапатыю, то ў адпаведнасьці з артыкулам 88 дзеючай
канстытуцыі прэзыдэнт можа быць вызвалены ад пасады пры сталай няздольнасьці
па стане здароўя ажыцьцяўляць свае абавязкі. Але ці магчыма тое, каб пасьля
публікацыі гэтага дыягназу, ў Беларусі была створаная адмысловая камісія,
якая б дасьледавала стан здароўя спадара Лукашэнкі?
Гаворыць галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў:
(Рынкоў: ) “Справа ў тым, што мы даем заключэньне толькі тады, калі
нам даюць на гэта каманду. Тым больш на вышэйшых службовых асобаў, а тым
больш на Лукашэнку. І ніводзін псыхіятар ня будзе выказвацца сёньня ў гэтым
сэнсе. Вось калі нам міністар дасьць указаньне, тады мы гэта зробім. Дыягназаваць
у яго псыхічную хваробу я, напрыклад, проста ня маю права”.
Пры гэтым спадар Рынкоў лічыць, што стан здароўя Аляксандра Лукашэнкі
не вымагае правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы.
А вось што думае адносна заключэньня, надрукаванага ў “Нашай Свабодзе”
былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір, які доўгі час працаваў разам
з Аляксандрам Лукашэнкам і меў магчымасьць зблізу назіраць за паводзінамі
гэтага чалавека.
(Чыгір: ) “Я не спэцыяліст у мэдыцыне, але павінен прызнаць, што характар
у яго нэрвовы. Я ня так даўно размаўляў з людзьмі, якія сёньня зь ім сутракаюцца.
Яны мне сказалі, што характар пагоршыўся ў параўнаньні з часам два гады
таму. Ня ведаю, але калі спэцыяліст робіць такое заключэньне, дык ён павінен
адказваць за свае высновы. Напрыклад, нядаўна зрабіўз такую заяву, як даваў
інтэрвію Казіятку, што Шушкевіч і Статкевіч пакінулі Беларусь бяз мора.
Гэта ўжо кажа пра тое, што чалавек ня можа кіраваць сваімі думкамі і кажа
тое, што нармальны чалавек наагул ніколі ня скажа”.
Мы таксама спрабавалі высьветліць меркаваньне ў гэтай справе прадстаўнікоў
адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Але прэсавы сакратар прэзыдэнта Мікалай
Барысевіч сказаў, што ён не зусім грунтоўна азнаёміўся з публікацыяй у
“Нашай Свабодзе” і абяцаў даць афіцыйны камэнтар пазьней.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1