Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


1 500 рабочых асноўных вытворчых цэхаў па вырабе мінэральных угнаеньняў Гомельскага хімзаводу вымушаныя працаваць вартаўнікамі або рамонтнікамі. Амаль уся вытворчасьць спыненая.

На заводзе працуе толькі цэх комплексных угнаенняў, які выконвае замежныя заказы. Экспарт пакуль дазваляе плаціць тым рабочым, што засталіся бяз працы і прыходзяць на завод даглядаць і вартаваць абсталяваньне, дзьве траціны сярэдняга заробку.

Да спыненьня ж асноўных цэхаў спрычыніліся працяглыя неплацяжы найгалоўных кліентаў хімічнага заводу — калгасаў і саўгасаў.

Распавядае намесьнік дырэктара па эканоміцы Мікалай Максіменка.

(Максіменка: ) "Гэткая сытуацыя штогод паўтараецца. Кастрычнік, лістапад, сьнежань, студзень — грошай не даюць. Напачатку лютага сродкі нечакана знаходзяцца. Чыноўнікі літаральна завальваюць хімзавод грашыма і бягуць да “бацькі-прэзыдэнта”.

Кажуць: Гомельскі хімзавод завалены грашыма, фосфару нам не дае, а зямля бяз фосфару радзіць ня можа. Лукашэнка выдзяляе грошы са свайго фонду для закупкі ўгнаеньняў за мяжой. Яны купляюць у камэрцыйных структураў і атрымліваюць камісійныя".

Спадар Максіменка дадаў і наступнае:

(Максіменка: ) "Мяняюцца міністры сельскай гаспадаркі, мяняюцца віцэ-прэм'еры па сельскай гаспадарцы, а мэханізм працуе спраўна. Нас ужо пасадзілі ў такую лужыну, што даўгі — не галоўнае. Пытаньне ўжо жыцьця й сьмерці. Нам да скону засталося раз дыхнуць", — зазначыў намесьнік дырэктара па эканоміцы.

Вядома, што апошнім часам за мяжой Беларусь набывае прыкладна 25 000 тонаў фосфарных угнаеньняў, прычым гомельскі хімзавод — адзіны ў краіне іхны вытворца — пэрыядычна прастойвае.

Мінулым летам прадпрыемства наведаў прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын. Пасьля візыту скарэктаваныя былі цэны на фосфарныя ўгнаеньні, каб вытворчасьць іхная не была зусім стратнай.

Аднак даўгі сельская гаспадарка за фосфар да веснавой сяўбы вяртала ажно да глыбокай восені. Нягледзячы на інфляцыю, даўгі гэтыя не індэксаваліся. Як вынік, хімзавод страціў 2 мільёны даляраў і цяпер ня можа ані разьлічыцца з крэдытамі, ані купіць сыравіну ў Расеі для вытворчасьці фосфарных угнаеньняў.

Казімер Яноўскі, Гомель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG