Прыватныя прадпрымальнікі Беларусі працягваюць змаганьне за свае правы.
Пакуль што ў новым годзе фактычна ніводная зь іхных праблемаў не атрымала
належнага вырашэньня.
Сёньня кіраўнікі страйкавага камітэту прыватных прадпрымальнікаў спрабавалі
актывізаваць дыялёг з уладамі. Паводле словаў намесьніка старшыні страйкаму
Леаніда Каліцені, ён правёў шэраг гутарак з супрацоўнікамі ўрадавых структураў.
У прыватнасьці, з чыноўнікамі, што прадстаўляюць мытны й падатковы камітэты.
Менавіта ад гэтых ведамстваў ідзе цяпер найбольшая пагроза для дробнага
бізнэсу.
А ў Воршы ўлады ўжо перайшлі ад пагрозаў да рэальных дзеяньняў. Сёньня
тут працягнуўся распачаты 9 студзеня суд над мясцовай гандляркаю Ірынай
Алесенкай. Судовы позоў належыць Аршанскай мытні, якая зьбіраецца спагнаць
з прадпрымальніцы мыта й падаткі за тавары “трэціх” краінаў, што былі ўвезеныя
ў Беларусь з тэрыторыі Расеі. Мытня лічыць, што гандлярка парушыла цяперашняе
мытнае заканадаўства.
Гаворыць старшыня аршанскае суполкі Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў
Аляксандар Сталяроў:
(Сталяроў: ) “Алесенцы запісалі, што ў яе тавару на 107 тысячаў беларускіх
рублёў. За іхны ўвоз яна мусіць заплаціць мыта памерам 50 тысячаў 500 рублёў.
І яшчэ палічылі, што зь яе варта спагнаць амаль 10 тысячаў рублёў штрафу.
Інакш кажучы, дзяржаве Алесенка мусіць заплаціць 47 адсоткаў кошту тавару,
у той час, як прадпрымальнік атрымлівае толькі 30-35 адсоткаў даходу з
продажу”, — зазначыў Аляксандар Сталяроў.
Паводле ягоных словаў, з боку аршанскіх прадпрымальнікаў мае месца вялікая
цікавасьць да судовага працэсу над Ірынай Алесенкай. Цяпер толькі пятая
частка іх працуе на мясцовых рынках. Астатнія страйкуюць. Страйкуюць яны
зь 1 студзеня — дня пачатку агульнацыянальнага страйку. Той факт, што бальшыня
гандляроў Воршы 5 студзеня не аднавіла працы, сьведчыць, паводле словаў
Аляксандра Сталярова, пра іхны страх, выкліканы пагрозаю рэпрэсіяў. Вось
чаму тут усе чакаюць выніку суду над спадарыняй Алесенкай, каб ведаць і
пра свой заўтрашні лёс.
Зрэшты, за падзеямі ў Воршы ўважліва сочаць прадпрымальнікі й зь іншых
рэгіёнаў краіны. У прыватнасьці, гандляры Дзяржынску. Вось што паведаміў
нашаму радыё лідэр мясцовае суполкі Валеры Сіманаў:
(Сіманаў: ) “Страйк у нас працягваецца. Абсалютная бальшыня гандляроў
ня ўносіць плацяжы ў мясцовы бюджэт. Яны кіруюцца, па-першае, пачуцьцём
салідарнасьці з тымі, хто й сёньня ў краіне яшчэ страйкуе. Па-другое, прадпрымальнікаў
палохае пагроза санкцыяў уладаў за парушэньне дзейных парадкаў для дробнага
бізнэсу. Мы маем інфармацыю, што ў мытных пытаньнях рыхтуюцца акцыі — вопісы
й канфіскацыі”, — зазначыў Валеры Сіманаў.
Паводле зьвестак Страйкавага камітэту, зараз фактычна паўсюдна ў краіне
ў прадпрымальніцкіх асяродках мае месца напружанасьць і разгубленасьць
перад заўтрашнім днём. Што рабіць — працаваць ці страйкаваць? Прадпрымальнікі
ў бальшыні сваёй кіруюцца ўласнай інтуіцыяй. І, што самае горшае, як зазначыў
Леанід Каліценя, невядома, чаго ім чакаць “зьверху”. Бо пакуль што ніякіх
прыкметных зрухаў у вырашэньні праблемаў беларускіх гандляроў на гэтым
узроўні не назіраецца.
Міхал Стэльмак, Менск
Самае папулярнае
1