Агляд чарговага нумару газэты “Рабочы”.
Пасьля каляднага перапынку ў сьвет выйшаў першы сёлета нумар газэты
“Рабочы”.
“Урад знайшоў стрэлачніка” – так называецца матэрыял, які адкрывае яго.
Размова ідзе пра дзіўныя прыгоды ліста галіновага прафсаюзу работнікаў
адукацыі і навукі беларускаму Саўміну. Гэты ліст з патрабаваньнем тэрмінова
разгледзіць праблему амаль жабрацкага існаваньня беларускіх настаўнікаў
ды навукоўцаў ва ўрад быў накіраваны месяц таму, аднак адказу прафсоюз
не атрымаў. Спыталіся “Чаму?” – і пачулі ад чыноўнікаў: пошта вінаватая!
Мы па пошце вам адказалі, аднак папера ўсё ідзе ды ідзе...
Яшчэ адна тэма, пра якую зараз шмат піша “Рабочы”, – акцыі пратэсту
на беларускіх прадпрыемствах і рынках. МААЗ, Слонімская фабрыка пёра-пухавых
вырабаў – вось адрасы канфліктаў. А пра страйкі “чаўнакоў” ды дробных рынкавых
гандляроў паведамлялася ўжо шмат. Сваеасаблівым працягам размовы сталі
матэрыялы пра спрэчкі беларускіх уладаў з незалежнымі прафсаюзамі. У прыватнасьці
аб выніках абмеркаваньня “беларускай праблемы” на прайшоўшым ў Жэнэве шостым
Эўрапейскім рэгіянальным паседжаньні Міжнароднай Арганізацыі Працы расказвае
на старонках “Рабочага” віцэ-прэзыдэнт Беларускага Кангрэсу дэмакратычных
прафсаюзаў Уладзімер Макарчук.
Маючыя адбыцца сёлета прэзыдэнцкія выбары – пытаньне, якое таксама знайшло
адлюстраваньне на старонках “Рабочага”. Аб арганізацыі незалежнага назіраньня
за галасаваньнем размову вядуць кіраўнік рабочай групы Асамблеі няўрадавых
дэмакратычных арганізацыяў Алесь Бяляцкі, старшыня Цэнтральнага каардынацыйнага
савету ў арганізацыі назіраньня за выбарамі Мячыслаў Грыб і старшыня партыі
“Надзея” Валянціна Палевікова.
Аднак жыве чалавек ня толькі палітыкай, таму адзначым у гэтым нумары
“Рабочага” і іншыя матэрыялы. “Рэцэпт іхняе маладосьці” – гэта прадстаўленьне
чытачу Менскай жаночай кінавідэастудыі “Тацяна”. “Гарадок” – нататкі пасьля
паездкі па расейскай глыбінцы. Ну а загаловак “О, спорт, ты – што?” кажа
сам за сябе: у гэтым артыкуле размова ідзе пра становішча ў беларускім
спорце.
Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.
Самае папулярнае
1