Амбасада ЗША ў Менску зрабіла адмысловую заяву з нагоды
інтэрвію амбасадара М.Козака Беларускай тэлевізіі, якое было запісанае
ажно 21 сьнежня, але не пайшло ў эфір, бо кіраўніцтва БТ палічыла яго “творчай
няўдачай”.
Амэрыканскі амбасадар у Беларусі М.Козак вымушаны чакаць. Амаль тры
месяцы ён чакае сустрэчы з А.Лукашэнкам, якому гатовы ўручыць даверчыя
лісты, а яшчэ амаль тры тыдні спадар Козак чакаў, пакуль Беларуская тэлевізія
пакажа запіс інтэрвію зь ім, пра якое само й прасіла.
Амбасадар Козак пакуль так і не дачакаўся ані сустрэчы з Лукашэнкам,
ані дэманстрацыі інтэрвію, таму сёньня амбасада ЗША ў Менску распаўсюдзіла
адмысловую заяву, якую для Радыё Свабода агучыў супрацоўнік інфармацыйнае
службы амбасады Аляксей Саламаха.
(Саламаха: ) "Амбасада ЗША атрымала просьбу пра інтэрвію з паслом Козакам
ад аўтара адной зь міжнародных праграмаў Беларускай тэлевізіі амаль
за два тыдні да таго, як адбыўся запіс. Гэта азначае, што ў кіраўніцтва
Беларускай тэлевізіі было дастаткова часу, каб перагледзець папярэдні
сьпіс пытаньняў, які быў атрыманы амбасадай.
Пасол Козак прыехаў на студыю Беларускай тэлевізіі для запісу праграмы
ў чацьвер 21-га сьнежня, і амаль дзьве гадзіны дэталёва адказваў на пытаньні,
што тычыліся як беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў, так і мінулых прэзыдэнцкіх
выбараў у Злучаных Штатах. Дарэчы, гэтая тэма прыцягвала вялікую ўвагу
Беларускай тэлевізіі і запрошаных аналітыкаў на працягу некалькіх тыдняў".
Аднак гісторыя з інтэрвію амбасадара Козака атрымала нечаканы працяг.
(Саламаха: ) "У пятніцу 22-га сьнежня, калі інтэрвію павінна было выйсьці
ў эфір, з гутаркі з кіраўніцтвам АТН мы даведаліся, што інтэрвію ня можа
быць паказана ў той дзень, бо, як было сказана, гэта вельмі вялікі матэрыял,
які яшчэ трэба было апрацоўваць.
У далейшых размовах, як перад, так і пасьля новага году, амбасадзе было
заяўлена, што гэтае інтэрвію было "творчай няўдачай", і таму ня можа быць
паказана. Мы паінфармавалі кіраўніцтва БТ і суразмоўцаў пасла Козака,
аб тым, што мы лічым пытаньні, узьнятыя пад час інтэрвію, важнымі для нашых
двухбаковых дачыненьняў, а таксама лічым, што яны прадстаўляюць інтарэс
для беларускіх гледачоў. Мы таксама сказалі, пра тое, што зьбіраемся апублікаваць
тэкст інтэрвію на сайце амбасады ў інтэрнэце".
(Сьвірко: ) "І гэта ўжо на сайце ёсьць?"
(Саламаха: ) "Так, на ангельскай мове".
Для тых, хто чытае па-ангельску, нагадаем адрас гэтае амбасады ў Інтэрнэце:
www.usembassy.minsk.by. На галоўнай старонцы трэба клікнуць на слова “NEW”
— там зьмешчаны поўны тэкст інтэрвію амбасадара Козака.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1