Наш палітычны аглядальнік Валеры Карбалевіч аналізуе вынікі страйку
дробных прадпрымальнікаў.
(Карбалевіч: ) “Мы маем дачыненьне са зьявай, ад якой нельга чакаць
хуткіх вынікаў. Барацьба паміж прадпрымальнікамі і рэжымам будзе доўгай,
перманентнай і цяжкай, таму што інтарэсы прадпрымальнікаў і інтарэсы рэжыму
– супрацьлеглыя. Таму супярэчнасьці паміж імі – амаль антаганістычныя,
і барацьба паміж імі будзе ісьці да таго часу, пакуль ня зьнікне адзін
з бакоў, якія змагаюцца.
Прадпрымальніцтва зьнішчыць нельга, яно будзе прарывацца і разьвівацца,
як трава скрозь асфальт, а рэжым таксама пакуль дастаткова моцны. Таму
барацьба будзе доўгая, і чакаць нейкіх вынікаў не выпадае. Улады ня могуць
пайсьці на нейкія відавочныя статстукі прадпрымальнікам, паддацца ціску,
таму што рэжым страціць твар, сапсуе імідж у вачах свайго электарату. Таму
відавочна, што саступкі будуць выглядаць, як капітуляцыя перад нейкім клясавым
ворагам. Таму саступкі будуць толькі частковыя.
Адным з вынікаў можна лічыць факт, што адкладзенае прыняцьцё дэкрэту
прэзыдэнта аб адзіным падатку, у якім прадугледжвалася падвышэньне фіксаваных
ставак падатку амаль у 2-3 разы. Гэта можна лічыць нейкім вынікам. Але
хачу яшчэ раз падкрэсьліць, што такіх вельмі хуткіх вынкіаў, выкананьня
ўсіх патрабаваньняў прадпрымальнікаў чакаць не рэальна”.
(Карэспандэнт: ) “Кіраўнік страйкавага камітэту Валеры Леванеўскі сказаў,
што нягледзячы на ое, што патрабаваньні прадпрымальнікаў выкананныя не
былі, страйк прайшоў выдатна і эфэктыўна. Ці падзяляеце Вы такую аптымістычную
ацэнку акцыі?”
(Карбалевіч: ) “Тое, што гэты страйк ахапіў большасьць прадпрымальнікаў,
што сапраўды ён ахапіў большасьць беларускіх гарадоў, дзе працуюць прадпрымальнікі,
– гэта сапраўды можна лічыць сыгналам аб арганізаванасьці гэтага сацыяльнага
слою. Гэта сапраўды можна лічыць добрым вынікам, паказчыкам арганізаванасьці
прадпрымальнікаў”.
Гутарыла
Вольга Караткевіч, Прага
Самае папулярнае
1