Адміністрацыя А.Лукашэнкі рыхтуе адмысловы сьпіс чыноўнікаў,
якія перашкодзілі Лукашэнку выканаць перадвыбарчыя абяцаньні, што ён даў
у 1994 годзе. Улады хочуць перакласьці адказнасьць за свае шматлікія правалы
на іх.
Так здарылася, што міжвольнымі ініцыятарамі гэтай справы сталі журналісты,
якіх А.Лукашэнка неяк залічыў у катэгорыю “чэсных”.
Адразу па сьвяткаваньні надыходу 2001 году на Беларускім радыё павінен
быў пачацца новы цыкль пад назовам "Прэзыдэнт паабяцаў — і выканаў". Галоўны
кіраўнік дзяржаўнага радыё Ўладзімер Ядранцаў і ягоныя памагатыя хацелі
стварыць панэгірік Лукашэнку. Меркавалася, што журналісты прааналізуюць
ягоную перадвыбарчую прэзыдэнцкую праграму 1994 году і ў сэрыі адмысловых
перадачаў пакажуць, што ён нібыта заўжды трымае слова.
Але падчас падрыхтоўкі цыклю высьветлілася — выканаць задумку надзвычай
цяжка, бо шмат якія абяцанкі і дацяпер не выкананыя. І таму трэба альбо
крытыкаваць Лукашэнку, альбо знайсьці тых, хто яму быццам бы перашкаджае
працаваць.
Для Беларускага дзяржаўнага радыё Лукашэнка, як вядома, па-за крытыкай.
Таму заставалася толькі сьпісаць ўсе недахопы на ягоных падначаленых. І
тут паўстае пытаньне: калі не Лукашэнка, дык хто ж тады канкрэтна вінаваты?
Сьпісаць усё на Шушкевіча, Багданкевіча, Грыба, Чыгіра ды іншых апазыцыянэраў,
як гэта рабілася ўвесь час раней — спроба марная. Яны ўжо даўно не пры
ўладзе. Таму і зьявілася патрэба ў новых ахвярных казлах. Сьмеласьці самастойна
вызначыць іх кіраўніцтва Беларускага радыё на сябе не ўзяло. Па дапамогу
зьвярнуліся ў адміністрацыю Лукашэнкі. Там параілі пакуль з новым цыклем
не сьпяшацца.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1