Наваполацкія прадпрымальнікі, у адрозьненьне ад сваіх
калегаў зь іншых рэгіёнаў, вырашылі страйкаваць ня пяць дзён, а пятнаццаць.
Нагодай дзеля страйкавай акцыі сталася апісаньне тавараў шэрагу дробных
прадпрымальнікаў, распачатае работнікамі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў.
Апісаньні пачаліся 23 сьнежня, і на пытаньні чаўнакоў: "Дзеля чаго гэта
робіцца?", адказ быў надзвычай ляканічны: "На ўсялякі выпадак".
Як правільна зразумелі прадпрымальнікі, падобныя дзеяньні — гэта ня
што іншае, як першы этап масавых канфіскацыяў і грашовых спагнаньняў у
сьвятле кагадзе ўведзенага мытнага афармленьня тавараў.
Таго ж дня старшыня мясцовага Прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валер
Шаўчэнка наведаў згаданы Камітэт і запатрабаваў тлумачэньняў — на якіх
падставах пачаліся апісаньні тавараў, калі справа аб мытным афармленьні
знаходзіцца яшчэ на разглядзе ў Савеце міністраў, але ўцямных тлумачэньняў
не дачакаўся. Між тым, з прыватных размоваў уведаў, што напярэдадні кіраўнікоў
рэгіянальных аддзелаў Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў выклікалі ў
Савет бясьпекі і запатрабавалі любым чынам выбіць грошы з прадпрымальнікаў,
каб запоўніць пусты бюджэт.
У такой сытуацыі наваполацкія чаўнакі, заўважым, людзі ў асноўным з
вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй, правялі два агульных сходы і
адзінагалосна вырашылі: 1 студзеня распачаць страйк. Пры гэтым яны адкінулі
прапанову калегаў зь іншага рэгіёну страйкаваць першых пяць дзён студзеня,
бо гэта, на іхную думку, ня дасьць аніякага плёну, і вырашылі не выходзіць
на працу да 16 студзеня.
Патрабаваньне, якое яны вылучылі, складаецца з аднаго сказу: "Спыніць
апісаньне тавараў". Калі гэтае патрабаваньне ня будзе задаволенае, наваполацкія
чаўнакі мерацца працягнуць страйк да канца студзеня.
Вінцэсь Мудроў, Наваполацк
Самае папулярнае
1