З пачатку году Гомельскае алмазаперапрацоўчае прадпрыемства
“Крышталь” цэлымі ўчасткамі выпраўляе рабочых у змушаны адпачынак. Адпачынак
гэты можа зацягнуцца на месяцы.
Пры канцы мінулага году спыніліся пастаўкі на гомельскае аб’яднаньне
расейскіх прыродных алмазаў — сыравіны для вырабу дыямэнтаў, чым, уласна,
і займаецца прадпрыемства “Крышталь”. Менавіта адсутнасьць алмазаў і спрычынілася
да прымусовай адпраўкі рабочых у так званы адпачынак. Пастаўкі спыненыя,
бо скончыўся тэрмін дзеяньня адпаведнага пагадненьня паміж расейскім і
беларускім урадамі.
Радовішчаў алмазаў у Беларусі яшчэ не адкрылі, хаця, як сьцьвярджаюць
геолягі, перадумовы дзеля гэтага ёсьць у Палескай нізіне.
Цікаўлюся ў генэральнага дырэктара “Крышталю” Аляксандра Старавойтава,
чаму аб’яднаньне не заключае новай дамовы на пастаўку алмазаў з суседняй
як быццам бы саюзнай дзяржавы? Напрыклад, зь яе кампаніяй “Алмазы Расеі
– Саха”?
"У Расеі гэты тавар вызначацца як стратэгічны, і ў адпаведнасьці з расейскімі
законамі і ўказамі пастаўка алмазаў з Расеі ў іншыя краіны дазваляецца
толькі на падставе міжурадавых пагадненьняў", — сказаў спадар Старавойтаў.
Апошняе пагадненьне, падпісанае ўрадамі Расеі і Беларусі ў кастрычніку
1998-га году, таксама давалася нялёгка. Да таго часу гомельскі “Крышталь”
па-сутнасьці быў на мяжы банкруцтва. Сытуацыя паўтараецца. Кіраўніцтва
аб’яднаньня не маўчыць — даўно абівае парогі ўраду і адміністрацыі Лукашэнкі.
Але справа ня ў тым, што беларускія чыноўнікі не разумеюць праблемаў “Крышталю”.
Справа ў так званым саюзьніку — ён дыктуе ўласныя ўмовы пагадненьня.
Працягвае Аляксандар Старавойтаў:
"Да сёньняшняга дня пагадненьне не падпісанае, бо наша краіна ня можа
пагадзіцца з расейскай рэдакцыяй. Там уціснулі наступнае: у Беларусь пастаўляць
сыравіну, якая паводле характарыстык ёсьць нерэнтабельнай для перапрацоўкі
ў Расеі. Інакш кажучы, дасылаць сьмецьце, якое там, у Расеі, не патрэбнае.
Але ж хіба яно, гэтае смецьце, патрэбнае Беларусі? Таму беларускі бок і
не падпісаў пагадненьня", — паведаміў кіраўнік аб’яднаньня “Крышталь”.
Існаваньне “Крышталю” ўскладняюць і ўнутраныя эканамічныя праблемы.
Хаця аб’яднаньне пастаўляе на экспарт 98% сваёй прадукцыі і прыносіць краіне
валюту, яно паводле вынікаў году стала неплатаздольным. Рост цэнаў на тавары
і паслугі, што скарыстоўваюцца пры вырабе дыямэнтаў, нашмат апярэджвае
афіцыйны абменны курс валюты, паводле якога дзяржава разьлічваецца з прадпрыемствамі,
прымусова забіраючы значную частку эскпартавай выручкі.
Казімер Яноўскі, Гомель
Самае папулярнае
1