Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Цырульнікі ў Беларусі цяпер лічацца дзеячамі культуры і мастацтва. Прынамсі, гэтак выходзіць з распараджэньня А.Лукашэнкі пра прысуджэньне спэцыяльных прэміяў дзеячам культуры і мастацтва за высокія творчыя дасягненьні ў 2000-м годзе.

"За перамогу ў першым чэмпіянаце па цырульніцкім майстэрстве краінаў Усходняй Эўропы 2000-га году, за вялікі ўклад у выхаваньне творчай моладзі і высокае прафэсійнае майстэрства" — гэтак гучыць афіцыйная фармулёўка распараджэньня, якое дае прэмію па сьпісе дзеячаў культуры і мастацтва прэзыдэнту канфэдэрацыі стылістаў Беларусі Аляксандры Лазоўскай.

Ці могуць цырульнікі лічыцца дзеячамі культуры й мастацтва, сьведчыць факт з цырымоніі праведзенага нядаўна ў Менску чэмпіянату. Для удзельнікаў чэмпіянату ў якасьці адмысловае разыначкі зь вялікага пірага нацыянальнае культуры быў зладжаны бясплатны канцэрт аднаго з самых выбітных беларускіх гуртоў — этна-трыё "Тройца", які зьбірае велізарныя залі па ўсёй Эўропе ды на які цяжка патрапіць паспалітаму слухачу тут, бо канцэртаў мала. Цырульнікаў "Тройца" не зацікавіла: у залі былі выпадковыя слухачы і ніхто (!) не купіў новага альбому "Тройцы".

Нацыянальная культурніцкая эліта ўжо пасьпела прыдумаць жарт наконт аргумэнтаў па далучэньні да яе цырульнікаў: маўляў, што паробіш, калі ў аўтара распараджэньня ад бесьперапыннага клопату пра беларускую культуру ўзьніклі вялікія праблемы з уласнаю фрызураю.

Пры адборы кандыдатаў на прэзыдэнцкіх ляўрэатаў у аўтара распараджэньня штогод узьнікаюць усё большыя цяжкасьці. У сёлетнім сьпісе з 23 асобаў толькі пра двох можна сказаць, што яны сапраўды значныя. Ды й тое адзін зь іх уключаны ў сьпіс з выразна езуіцкімі мэтамі. Адною рукою ўлада цэлы год карала ляўрэата, другою ж напрыканцы году вырашыла мілаваць. Паглядзімо, маўляў, ці забыўся на крыўды.

Гаворка пра драматурга ды старшыню Саюза тэатральных дзеячаў Аляксея Дударава, п'еса якога "Прынц Мамабук" летась была прызнаная крамольнаю ды забароненая да паказу тэатрам "Вольная сцэна". Наўрад ці ўлада ня ведае, што забаронены спэктакаль быў усё ж паказаны наноў створаным тэатрам "Вольная сцэна", дзеля чаго аўтар Дудараў і рэжысэр Мазынскі запрашалі публіку не на спэктакаль, а на творчую вечарыну знакамітатага драматурга. І ў таго цяпер няпростая сытуацыя выбару мадэлі паводзінаў на ўрачыстай цырымоніі ганараваньня ляўрэатаў, якую, як зазвычай, у першы дзень праваслаўных Калядаў праводзіць Аляксандар Лукашэнка.

Невыпадковы дзень ганараваньня сёлета падкрэсьлены і прэамбулаю да ўказу Лукашэнкі пра галоўную прэмію цяперашняе ўлады — "За духоўнае адраджэньне". Сёлета названыя 5 ейных ляўрэатаў. Яны абраныя згодна з прадстаўленьнем Міністэрства культуры і Беларускае праваслаўнае царквы. Гэтым самым улада адкрыта прызналася ў сваім непрыняцьці дзеячаў іншых хрысьціянскіх канфэсіяў. Пра іх жа днямі архімандрыт Віцебскі і Аршанскі Дзьмітры выказаўся ў газэце "Віцебскі рабочы" як пра дэструктыўныя сілы ў Беларусі.

І яшчэ адзін момант. Ляўрэаты атрымаюць прэміі па 100 мінімальных заробкаў — гэта крыху менш чым 300 даляраў. Гэткім чынам, на ўсіх — 8400 даляраў. А на ўсю ўрачыстасьць з улікам прэміяў выдзелена 36 мільёнаў беларускіх рублёў, што адпавядае ажно 30 000 даляраў.

Валянціна Аксак, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG