А.Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара
Мадагаскару. Тым часам амэрыканскі амбасадар М.Козак чакае гэтае працэдуры
з 20 кастрычніка.
Рэспубліка Мадагаскар, што займае вялікую выспу ў Індыйскім акіяне ля
паўднёвага ўзьбярэжжа Афрыкі, мае чырвона-зялёны дзяржаўны сьцяг: наверсе
гарызантальная чырвоная паласа, унізе зялёная, а зь левага боку — вэртыкальная
белая (без арнамэнту).
Адметны й герб Мадагаскару. Гэта кола, уздоўж ніжняй часткі якога працягнуліся
два каласкі. У цэнтры кола — геаграфічны контур межаў дзяржавы, ад якога
ўверх адыходзяць промні.
У Мадагаскары дзьве дзяржаўныя мовы — малагасійская ды француская, і
6 вобласьцяў, якія там завуцца "фарытані". Парлямэнт дзьвюхпалатны: ніжняя
палата — Нацыянальны сход — абіраецца наўпрост на 4 гады. Верхнюю — Сэнат
— фармуюць прадстаўнікі рэгіёнаў, але частку сэнатараў наўпрост прызначае
прэзыдэнт.
Кіраўнік дзяржавы абіраецца там на 5 гадоў. У 1995 годзе адбыўся рэфэрэндум,
які пашырыў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Але ўжо ў наступным, 1996 годзе,
прэзыдэнту Альбэру Зафі парлямэнт абвесьціў імпічмэнт, і той мірна пайшоў
з пасады. Аднак мадагаскарская апазыцыя байкатавала апошнія парлямэнцкія
выбары 1998 году.
Вось якая цікавая краіна прыслала Аляксандру Лукашэнку свайго амбасадара.
Нават прафэсійная дыктарка Беларускага тэлебачаньня зь цяжкасьцю вымавіла
імя дыплямата:
"Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад надзвычайнага і паўнамоцнага пасла
Мадагаскару ў Беларусі Андраманасі… ...манахісуа Нэльсана Віктора. Гэта
першы пасол Мадагаскару ў нашай дзяржаве".
Відавочна, што з Мадагаскарам Беларусь мае значна больш агульнага, чым
са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Ці плянуе спадар Лукашэнка прымаць даверчыя
лісты ад амбасадара Козака? Пра гэта я спытаўся ў прэсавага сакратара Міністэрства
замежных справаў Паўла Латушкі:
(П.Латушка: ) "Я магу сказаць, што тэрмін уручэньня даверчых грамат
амбасадарам Козакам узгадняецца".
(Карэспандэнт: ) "А чаму амбасадару Мадагаскара далі магчымасьць
першым уручыць даверчыя граматы, хоць ён пазьней, здаецца, прыехаў?"
(П.Латушка: ) "Я не хацеў бы тут рабіць нейкія такія высновы, хто прыехаў
пазьней ці раней. Я яшчэ раз скажу: уручэньне даверчых грамат спадаром
амбасадарам было як бы ўзгоднена, была прапанова і другога боку, і граматы
былі ўручаныя. Таму яшчэ раз хачу сказаць, што ўручэньне грамат амэрыканскім
амбасадарам яшчэ знаходзіцца ў стадыі ўзгадненьня".
(Карэспандэнт: ) "Але ці можаце вы пацьвердзіць, што гэта адбудзецца
да 14 студзеня, да навагодняга прыёму ў спадара Лукашэнкі?"
(П.Латушка: ) "Я нічога не хацеў бы ні пацьвярджаць, ні абвяргаць",
— урэшце заявіў Павал Латушка, прэсавы сакратар беларускага дыпляматычнага
ведамства.
Гэта значыць, што інтрыга вакол даверчых граматаў амбасадара ЗША ў Беларусі
будзе працягвацца яшчэ немаведама колькі.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1