Мірны плян, прапанаваны Вашынтонам у справе разьвязаньня канфлікту на
Блізкім Усходзе, адхілены палестынцамі на чале з Ясірам Арафатам. Тым часам
сытуацыя ў Ізраілі, які рыхтуецца да найгоршага разьвіцьця падзеяў, ускладнілася
для прэмьер-міністра Эгуда Барака і на ўнутрыпалітычным фронце.
Сёньня адна з радыкальных палестынскіх груповак – так званая брыгада
“Аль Аўда”, заклікала палестынцаў зьнішчаць высокапастаўленых ізраільскіх
чыноўнікаў і вышэйшых афіцэраў. Гэтая групоўка, якая ўзяла на сябе адказнасьць
за выбух у Ізраілі, у выніку якога ў панядзелак былі пареныя каля сарака
чалавек, абвінавачвае ізраільцянаў у “злачынствах супраць чалавечнасьці”.
Напярэдадні прэмьер-міністар Ізраілю Барак вельмі скэптычна выказаўся
наконт магчымасьці мірнага пагадненьня з палестынцамі. Адказваючы на пытаньні
журналістаў у Ерузаліме адносна пагрозы ўзброенага канфлікту на Блізкім
Усходзе, Барак заявіў, у прыватнасьці: “Мы ня верым у гэта. Нам бы гэтага
не хацелася. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб да гэтага не дайшло. Аднак,
мы падрыхтаваліся, і калі гэта здарыцца – мы пераможам”.
Як піша сёньняшняя Washington Times, Барак упэўнены, што Ясір Арафат
спрабуе дамагчыся інтэрнацыяналізацыі канфлікту да заканчэньня тэрміну
прэзыдэнцтва Клінтана, падтрымліваючы тэрарызм. Але і новаабраны прэзыдэнт
ЗША Джордж Буш падтрымаў намаганьні Клінтана ў пошуках мірнага разьвязаньня
канфлікту. “Я прызнаю той факт, што прэзыдэнт Клінтан прыкладае няспынныя
намаганьні, каб зблізіць бакі дзеля ўсталяваньня трывалага міру” – цытуе
газэта словы Джорджа Буша.
Газэта New York Times піша аб рэакцыі на мірныя прапановы Клінтана з
боку палестынцаў. Яны сьцвярджаюць, што мірны плян ігнаруе неабходнасьць
стварэньня палестынскай дзяржавы і правы ўцекачоў. У мэмарандуме, выпушчаным
у Вашынгтоне, гаворыцца, у прыватнасьці, што “апошнія прапановы ЗША…ня
ўтрымліваюць здавальняючых умоваў, неабходных для ўсталяваньня міру” і
не вядуць да “ўсталяваньня рэальнай бясьпекі.”
ЗША прызнаюць права палестынскіх уцекачоў вярнуцца ў Палестыну, але
не ў свае былыя дамы на тэрыторыі Ізраілю. У мэмарандуме гаворыцца, што
палестынцы мусяць мець права выбару, улучна з правам вярнуцца і ў свае
пакінутыя дамы.
Паводле ЗША, Ізраілю маглі б адыйсьці некаторыя гэбрайскія паселішчы
на Заходнім Беразе ў абмен на стварэньне палестынскай дзяржавы. На думку
аўтараў мэмарандуму, гэта давзоліла б Ізраілю захаваць кантроль над большай
часткай Палестыны і адрэзаць яе ад межаў зь іншымі дзяржавамі. Акрамя таго,
палестынцы хацелі б ведаць – пра якія менавіта паселішчы ідзе размова.
У мэмарандуме адзначаецца і праблема Храмавай гары, дзе знаходзяцца
як юдэйскія, гэтак і мусульманскія сьвятыні. Прапанаваны плян, фактычна,
прадугледжвае захаваньне суверынітэту Ізраілю над мячэцьцю Аль-Акса. Акрамя
таго, арабскія паселішчы ва ўсходнім Ерзуаліме могуць быць разарваныя паміж
ізраільскай і палестынскай дзяржавамі – гаворыцца ў мэмарандуме.
Тым часам папулярнасьць Барака ў Ізраіле падае, і нават ягоныя калегі
пэсымістычна глядзяць на пэрспэктыву пераабраньня на ўсеагульных выбарах
6 -га лютага – піша ірляндская Irish Times.
Некаторыя сябры кабінэту міністраў заклікалі Барака адмовіцца ад любых
перамоваў з Арафатам, пакуль ня спыніцца гвалт. Генэральны пракурора Ізраілю
Эльякім Рубінштэйн узьняў пытаньне -- наколькі законна ды маральна для
Барака працаваць над мірным пагадненьнем у той час, калі ён ужо фармальна
падаў у адстаўку.
Барак абвінаваціў Рубінштэйна ў асабістых палітычных амбіцыях заявіў,
што той мусіць пайсьці ў адстаўку. Аднак, многія, у тым ліку міністар юстыцыі
Ёсі Бейлін падтрымалі Рубінштэйна, паколькі лічаць, што ў ягоных разважаньнях
ёсьць законны грунт.
Віталь Тарас, Прага
Самае папулярнае
1