Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


(эфір 2 студзеня)
Перад навагоднімі сьвятамі Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне ўвесьці ў дзеяньне новыя Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Крымінальна-выканаўчы кодэксы з 1 студзеня. Раней новы генэральны пракурор Віктар Шэйман, а таксама кіраўнікі іншых праваахоўчых структураў зьвярталіся да Лукашэнкі з прапановай адкласьці іх увод у дзеяньне яшчэ на год.

Увядзеньне ў дзеяньне новых Крымінальнага, Крымінальна–выканаўчага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў ужо адкладалася на год. Новая адтэрміноўка, за якую выступалі Пракуратура, Вярхоўны суд ды іншыя структуры, сьведчыла пра тое, што гэтыя органы папросту не гатовыя да выкананьня тых законаў, якія прымалі.

Для таго, каб зрабіць дзейным прынцып спаборнасьці ў судзе, патрэбныя дадатковыя пракурорскія кадры, паводле некаторых падлікаў — да тысячы пракурораў. Абвінаваўчыя заключэньні, згодна з новым кодэксам, павінны пісаць ня сьледчыя, а пракуроры, гэта зноў жа вымагае павелічэньня штатаў. Для новае формы пакараньня — арышту — патрабуецца стварэньне арыштавых дамоў, што зноў жа вымагае новых выдаткаў. Гаворыць намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч:

"Асноўная прычына, як мне здаецца, чаму ўсё ж не хацелі й не жадалі ўводзіць новыя Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы — гэта тое, што трэба пабудаваць структуру, каб выконваць новыя віды пакараньняў, якія раней не прадугледжваліся".

Тым ня менш, Аляксандар Лукашэнка на адмысловай нарадзе 31 сьнежня сказаў, што, нягледзячы на выдаткі, новыя кодэксы трэба ўводзіць у дзеяньне, бо яны больш дэмакратычныя і прагрэсіўныя, і што гэтыя кодэксы паўплываюць на лёс 25–26 тысячаў чалавек, якія знаходзяцца цяпер у папраўчых калёніях. Новы Крымінальны кодэкс, сапраўды, прадугледжвае памякчэньне пакараньняў за эканамічныя злачынствы.

Гэткі крок з боку Лукашэнкі ў год прэзыдэнцкіх выбараў некаторыя назіральнікі палічылі папулісцкім. Аднак Аляксандар Дабравольскі больш важнымі лічыць іншыя матывы:

"Можа быць жаданьне прывесьці да нейкіх расейскіх стандартаў, можа быць, парады з боку Расеі прымусілі Лукашэнку згадзіцца з тым, што трэба прымаць гэтыя кодэксы".

У цэлым жа Аляксандар Дабравольскі ўвядзеньне ў дзеяньне новых кодэксаў разглядае як пазытыўны крок, бо судова-прававая сыстэма Беларусі пасьля многіх гадоў застою пачынае рэфармавацца. Ці не дадуць новыя кодэксы нейкіх дадатковых падставаў для перасьледу іншадумцаў? Вось што кажа Алясандар Дабравольскі:

"У нас законы заўсёды не выконваліся, і калі ўлада хацела пакараць палітычную апазыцыю, яна заўжды знаходзіла магчымасьць гэта зрабіць. Тое, што будзе ўсё ж Крымінальна-працэсуальны кодэкс уведзены — то гэта вельмі важна, бо ў нашым кодэксе не было і сапраўднай роўнасьці бакоў пры судовым разглядзе, і не было шмат якіх гарантыяў для таго, каб судовы працэс быў справядлівы. Зразумела, што суд будзе даволі доўгі час яшчэ карыстацца больш звычкамі старымі, чым законам, але тым ня менш нейкая тэндэнцыя да лепшага ўсё ж ёсьць".

А вось Валянцін Стэфановіч акцэнтуе ўвагу на тым, што новы Крымінальны кодэкс, у адрозьненьне ад папярэдняга, прадугледжвае пакараньне за зьнявагу гонару і годнасьці ды паклёп на асобу прэзыдэнта.

Фактам увядзеньня ў дзеяньне новых Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў вельмі задаволеная жонка палітзьняволенага дэпутата Ўладзімера Кудзінава Зоя:

"Я так думаю, што недзе ў гэтым месяцы ён ужо павінны быць дома, бо згодна з новым Крымінальным кодэксам ён ужо пераседзеў амаль два гады. Наогул, у дэмакратычных краінах не прынята, каб чалавек нават адну гадзіну пераседзеў у турме. Я спадзяюся, ягоная справа будзе адной зь першых, якую разгледзяць", — зазначыла Зоя Кудзінава.

Валянцін Стэфановіч выказаў думку, што на больш хуткае вызваленьне цяпер можа разьлічваць і Андрэй Клімаў.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG