Нягледзячы на словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што
Палата прадстаўнікоў другога скліканьня будзе першым у гісторыі Беларусі
цалкам прафэсійным парлямэнтам, усё больш дэпутатаў шукаюць магчымасьцяў
сумяшчаць парлямэнцкія абавязкі зь іншаю працай.
У апараце Савета міністраў Беларусі знаходзіцца на разглядзе праект
новага структурнага складу ўраду. Паводле яго, урад прапануецца пашырыць,
уключыўшы ў яго старшыню сьледчага камітэту пры Міністэрстве ўнутраных
справаў і дырэктара дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці пры прэзыдэнце
Беларусі.
Падобна, што гэта не выпадковасьць, бо згаданыя пасады займаюць дэпутаты
гэтак званай Палаты прадстаўнікоў Леанід Глухоўскі і Віктар Кучынскі. Абодва
добра вядомыя сваёй прыхільнасьцю да Аляксандра Лукашэнкі.
Такое рашэньне (ўключэньне ў склад Савету Міністраў) адразу вырашыла
б праблемы Глухоўскага і Кучынскага, паколькі артыкул 92 рэальна дзейнай
Канстытуцыі дазваляе сумяшчэньне дэпутацкай дзейнасьці толькі сябрам ураду.
І нікому больш.
Адзін з супрацоўнікаў ураду паведаміў мне, што, магчыма, у штаце Саўміну
зьявіцца яшчэ адна новая пасада — старшыня дэпартамэнту мясцовага самакіраваньня
пры прэзыдэнце. Цікава, што пакуль такога дэпартаменту нават не існуе,
але зараз часта гавораць пра ягонае стварэньне. Магчыма, такім чынам яшчэ
нехта з палатнікаў вырашыць свае праблемы.
Між тым, у кулюарах гэтак званай Палаты гавораць, што прыкладна два
дзясяткі ейных сябраў зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю дазволіць
ім сумяшчаць парлямэнцкую дзейнасьць з былымі пасадамі. Калі іхныя просьбы
будуць задаволеныя, дык парушыцца канцэпцыя стварэньня цалкам прафэсійнага
парлямэнту.
На вырашэньне праблемы працаўладкаваньня дэпутаты, згодна з законам,
маюць тры месяцы. Адлік гэтага тэрміну, як удакладняюць юрысты, пачынаецца
з 21 лістапада, калі адкрылася першая сэсія.
Такім чынам, палова тэрміну ўжо скончылася. Другая сэсія пачнецца 2
красавіка, і да гэтага часу ўсім дэпутатам трэба альбо стаць сябрамі ўраду,
альбо пакінуць ранейшыя пасады, альбо здаць дэпутацкія мандаты.
Уладзімер Глод, Менск
Самае папулярнае
1