Пайшоў другі дзень, як у Беларусі не прымаюць грошы
старога ўзору. Паводле назіраньняў нашага карэспандэнта, канчатковы пераход
на банкноты з удвая меншай колькасьцю нулёў выклікаў пэўныя праблемы і
шмат нараканьняў.
У Беларусі значна паменела мільянэраў. Толькі да 31-га сьнежня былі
ў абарачэньні грошы ранейшага ўзору, і цяпер старыя банкноты вартасьцю
ад 1 тысячы да 5 мільёнаў у крамах не бяруць. Улады кажуць, што старыя
грошы можна без праблемаў абмяняць на новыя ў банках і ашчадных касах,
але праверыць гэтыя словы пакуль няма як. Фінансавыя ўстановы ў Беларусі
другі дзень не працуюць, і грамадзяне, якія не пасьпелі перад Новым годам
патраціць старыя банкноты, сутыкнуліся зь вялікімі праблемамі. Мянчанка
Вольга Рыгораўна, зь якой мы размаўлялі ля касы ў найбуйнейшым менскім
гастраноме “Цэнтральны”, перакананая ў памылковасьці гэткага хуткага абмену.
"У адзін дзень гэта нельга было рабіць, тым больш у такое сьвята як
Новы год. Людзі былі заклапочаныя падрыхтоўкай да сустрэчы Новага году,
а тут яшчэ гэты раптоўны абмен", — казала жанчына. У ейным кашальку засталіся
дзьве пяцімільённыя купюры, на якія яна разьлічвала сёньня ў краме. Але
каля касы сьпіс неабходных пакупак прыйшлося скарэктаваць. "Мужу піва я
пакінула, а вось ад бутэлькі алею адмовілася, прыйдзецца смажыць бульбу
на сале, хоць гэтага й не рэкамэндуюць", — пажартавала Вольга Рыгораўна.
Будаўнік Анатоль настроены больш крытычна. У яго таксама толькі што
не прынялі фіялетавую купюру з трыма лішнімі нулямі. Заўтра ён панясе яе
ў ашчадны банк на абмен, і гатовы марнаваць час у чарзе. Але Анатоль падазрае,
што ініцыятары раптоўнага абмену разьлічваюць ня толькі на ягоны час.
"Ну, добра, у мяне 5 мільёнаў, можна і пастаяць у чарзе. А ў каго 20
тысяч, ці цяперашніх 20 рублёў? Іх адмыслова мяняць ніхто ня будзе, а нас,
грамадзянаў, 10 мільёнаў. Нават калі кожны пяты махне рукой на тыя ранейшыя
20 тысяч, дзяржава можа разьлічваць на вялікі прыбытак. Можна яшчэ адзін
навагодні банкет наладзіць спадару Лукашэнку", — мяркуе будаўнік Анатоль.
Анатоль перакананы, што выводзіць старыя грошы з абарачэньня трэба было
яшчэ сама мала на працягу году, ня ўмешваючы ў гэты працэс грамадзянаў.
"У Польшчы грошы мянялі цягам некалькіх гадоў, і гэтага ніхто не заўважыў.
А ў нас чыноўнікі думаюць найперш пра тое, як ім зручней", — робіць выснову
мой суразмоўца.
У гандляркі газэтнага шапіку Натальлі сёньня няшмат працы — сьвежых
газэтаў няма. Адпаведна меншы і плян. Але яна падазрае, што й гэтую заніжаную
норму ня выканае, бо ўжо некалькі разоў давялося сварыцца з пакупнікамі
з-за рэшты. Праўда, сёньняшнія праблемы не параўнаць з тым, што было ў
апошні дзень мінулага стагодзьдзя: "Праблемы былі, і нават скандалы. Я
кажу, што не магу даць рэшту новымі, а яны настойваюць, прадай яму газэту
— і ўсё. І кожны другі за сторублёвую газэту разьлічваецца тысячнай купюрай.
А дзе ж мне ўсім набраць рэшты новымі?”
Гандлярка перакананая, што ўлады маглі значна раней папярэдзіць пра
спыненьне абарачэньня старых грошай з 1-га студзеня ды шырэй весьці падрыхтоўчую
кампанію. "Моладзь пра абмен яшчэ ведае, а людзям сталага веку і тут бракуе
інфармаванасьці", — падзялілася сваімі назіраньнямі гандлярка газэтамі
Натальля.
Адзіным суразмоўцам, які не наракаў на тое, як праходзіць абмен старых
грошай на новыя, быў вядомы паэт Леанід Дранько-Майсюк. Але і ён не ў захапленьні
ад грашовай апэрацыі, якая пачалася ў Беларусі зь першай хвіліны новага
стагодзьдзя:
"Не, у мяне асабіста такіх праблемаў не было, рэшту мне давалі тымі
банкнотамі, на якіх не было лішніх нулёў. І можа, мяне гэта нават крыху
засмучала, бо мне ў якасьці рэшты вярталіся грошы бяз нашай любімай "Пагоні".
Гэта сумна, але трэба быць аптымістам, я спадзяюся, што пры жыцьці яшчэ
нашага пакаленьня "Пагоня" вернецца і на нашыя штандары, і на нашыя грошы,
бо "Пагоня" ў нашай душы".
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1