Масавыя звальненьні апошняга часу не адпавядаюць маштабам
рэструктурызацыі эканомікі, кажуць спэцыялісты ў сфэры аховы працы. Калі
гэтак будзе цягнуцца, штогод у краіне будзе зьяўляцца каля 10 000 "лішніх
людзей".
Колькасьць беспрацоўных, афіцыйна зарэгістраваных у дзяржаўнай службе
занятасьці насельніцтва, зараз складае каля 2% ад працаздольнага насельніцтва
— г.зн., прыблізна 100 000 чалавек.
У аддзеле працаўладкаваньня гэтага ведамства лічаць, што гэта зусім
няшмат, і лічба такая адлюстроўвае рэальны стан эканамічнага разьвіцьця
краіны.
(Сакалова: ) "Беспрацоўе павінна быць, бо мы кажам пра рынкавыя дачыненьні.
Наяўнасьць свабоднай сілы на рынку працы — гэта першачарговы атрыбут рынкавых
дачыненьняў.
Будзе разьвівацца эканоміка, будуць структурныя зрухі, зьявіцца неабходнасьць
у дадатковых руках. Так што беспрацоўе — гэта нармальна. Ды й дзяржава
робіць усё, каб трымаць яе ў разумных межах", — лічыць экспэрт службы занятасьці
насельніцтва Алена Сакалова.
Яна дадала, што масавых ды прымусовых звальненьняў у Беларусі не было
і наўрад ці будуць. Але факты сьведчаць пра іншае. Тыдзень таму ў Горадні
раптам апынуліся на вуліцы 370 працаўнікоў беларуска-галяндзкага СП "Альформа".
У Гомелі ў выніку скарачэньняў структуры чыгункі бяз працы застануцца
ледзь не 1 500 чалавек. Аптымізму дзяржаўнага чыноўніка не падзяляюць найперш
незалежныя прафсаюзы.
Разам з шэрагам аналітыкаў кіраўнікі галіновых прафсаюзаў неаднойчы
сьцьвярджалі, што 100 000 афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных — лічба
значна заніжаная.
Дзясяткі тысячаў працоўных дзяржаўнага сэктару некалькі гадоў запар
знаходзяцца ў стане так званага "пасыўнага беспрацоўя", калі на працу ходзяць
дзеля таго, каб толькі адзначыцца ў працоўным лісьце. Цяперашнія хваляваньні
рабочых на МТЗ — вынік якраз такога існаваньня ў эканамічнай коме.
Таксама ёсьць меркаваньне, што згортваньне эканамічнай актыўнасьці ды
пераарыентацыя кантактаў выключна на Расею адмоўна адаб'юцца на агульнай
занятасьці насельніцтва. Расейскія заводы самі загружаныя ня цалкам, і
ня ў іхных інтарэсах разьмяшчаць заказы ў Беларусі.
Эканамічна больш моцная Расея — зусім ня роўны канкурэнт Беларусі, і
ўсялякае супрацоўніцтва можа быць толькі на карысьць Расеі. Няма падставаў
чакаць нейкага прарыву на міжнародны рынак, таму пытаньне арганізацыі новых
вытворчасьцяў нават не паўстае.
Колькасьць альтэрнатыўных дзяржаўнай вытворчасьцяў, у прыватнасьці,
з прыцягненьнем замежнага капіталу значна скарацілася. Таму звальненьні
апошняга часу, найбольшыя зь якіх былі ў Горадні і ў Гомелі, на думку незалежных
эканамістаў, толькі пацьвярджаюць, што цяперашнія ўлады за сем гадоў так
і не акрэсьліліся з эканамічнай палітыкай.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1