Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Учора прадстаўнік ЗША пры Пастаяннай радзе АБСЭ ў Вене Дэвід Джонсан зрабіў афіцыйную заяву ў справе Беларусі. У ёй беларускія ўлады заклікаюцца прыпыніць тактыку рэпрэсіяў супраць тых, хто выступае за байкот выбараў і дыскрымінацыю незалежных кандыдатаў. У сувязі з гэтым мы пазванілі ў Вену і папрасілі амбасадара Дэвіда Джонсана пракаментаваць ягоную заяву.

На пачатку майго інтэрвію я папрасіў Дэвіда Джосана пракамэнтаваць, ці ўчорашняя заява азначае, што Беларусь зьяўляецца прыярытэтам ў вонкавай палітыцы ЗША?

(Джонсан: ) “Я хачу падкрэсьліць, што на пачатку гэтага тыдня Дзяржаўны сакратар ЗША правяла ў справе Беларусі нараду Камітэту вонкавай палітыкі. Яна таксама сустракалася дзеля абмеркаваньня гэтага пытаньня з адным з кангрэсмэнаў. Яны таксама выказваюць цікавасьць. Яна падкрэсьліла як гэта важна для нас, як важна ажыцьцявіць усе неабходныя крокі, каб дапамагчы народу Беларусі аднавіць дэмакратыю”.

Складаецца такое ўражаньне, што ЗША найбольш пасьлядоўна і рашуча выказваюцца ў падтрымку беларускай дэмакратыі. А вось Эўрапейскі Зьвяз такой рашучасьці не выказвае. Ці гэта сапраўды так? Чаму не заўсёды Захад гаворыць з беларускімі ўладамі адным голасам? Прадстаўнік ЗША пры АБСЭ Дэвід Джонсан адказвае:

(Джонсан: ) “Часам даволі цяжка дасягнуць аднадумства ў некаторых пытаньнях. І пытаньне, якім чынам дапамагчы беларускаму народу вярнуцца да дэмакратыі, выключна складанае. Але калі мы будзем працаваць разам з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, мы дасягнем гэтага. Калі вы зьвернеце ўвагу на афіцыйную заяву, якую ЭЗ зрабіў на ўчорашнім паседжаньні ў справе Беларусі, дык яна вытрыманая ў вельмі моцных выразах і шмат у чым супадае з нашай”.

Дарэчы тэкст заявы Эўрапейскага Зьвязу мы толькі што атрымалі з Вены, і ягоны пераклад прагучыць адразу пасьля гэтага інтэрвію.
Заява прадстаўніка ЗША ў АБСЭ ў справе Беларусі была зробленая практычна адначасна з заявай у справе Югаславіі. Вось як амбасадар Дэвід Джонсан камэнтуе падобнае супадзеньне:

(Джонсан: ) “У югаслаўскіх выбарах былі такія элемэнты, якіх выбаршчыкі ў Беларусі пазбаўленыя, уключна з магчымасьцю справядлівага падліку галасоў. Калі ж мы паглядзім з пэрспэктывы часу на такія краіны, як Славаччына, Харватыя і цяпер, як я спадзяюся, Бялград, ёсьць мачымасьць выкарыстаньня дэмакратычных выбараў і свабоды слова. Калі ўлады дазволяць людзям, якія хочуць быць свабоднымі, выйсьці за межы афіцыйна дазволенага, яны могуць заваяваць для сябе дэмакратычную будучыню”.

І на заканчэньне нашай кароткай размовы амбасадар Дэвід Джонсан зьвярнуўся да беларусаў:

(Джонсан: ) “Я хачу сказаць гэтым людзям, што народ ЗША, народы Эўропы, Эўрапейскага Зьвязу, народы сьвету добра ведаюць пра сытуацыю ў Беларусі. І мы зробім усё магчымае ўсімі магчымымі спосабамі, каб падтрымаць тых людзей у Беларусі, якія хочуць дэмакратыі”.

Гутарыў

Мікола Іваноў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG