Дзяржаўны сакратар ЗША Мадлен Олбрайт учора заявіла, што ЗША не плянуюць
дасылаць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусі й просяць саюзьнікаў
не дасылаць сваіх прадстаўнікоў на гэтыя выбары, якія, паводле Олбрайт,
ня будуць ані свабоднымі, ані справядлівымі. Рэакцыя апазыцыі і МЗС.
Такім чынам, пазыцыя Злучаных Штатаў выключна зразумелая і застаецца
нязьменнаю на працягу апошніх месяцаў. Аднак ці сьведчаць словы Мадлэн
Олбрайт пра тое, што эўрапейцы дасюль ня вызначыліся са сваёй пазыцыяй
у гэтым пытаньні?
Адказвае Анатоль Лябедзька:
(Лябедзька: ) “Справа ў наступным. Рашэньні венскай канфэрэнцыі выклікаюць
двайное або трайное тлумачэньне, і Вашынгтон хацеў бы мець абсалютна празрыстую
пазыцыю ў гэтым пытаньні, якая была б абсалютна адназначная. Таму яны займаюць
на сёньняшні дзень такую пазыцыю, што ня трэба даваць падставы для беларускага
рэжыму, нават прысутнасьцю тэхнічнай місіі, урэзанай прысутнасьцю парлямэнцкіх
структураў, – даваць падставы зразумець, што гэта наглядальнікі. Яны добра
ведаюць прыроду беларускага рэжыму”.
Рэакцыя ж афіцыйных уладаў на заяву дзяржаўнага сакратара ЗША была даволі
прадказальнай. Кіраўнік прэсавае службы МЗС Беларусі Павал Латушка на сёньняшнім
брыфінгу адзначыў, што Беларусь выказвае шкадаваньне ў сувязі з апошнімі
заявамі спадарыні Олбрайт.
На думку беларускага МЗС, у іх выказаная недакладная ацэнка ўнутрыпалітычнае
сытуацыі ў Беларусі. Наконт таго, што ЗША будуць прасіць Расею і эўрапейскія
краіны не дасылаць назіральнікаў на парлямэнцкія выбары, Латушка сказаў
наступнае:
(Латушка: ) “Зьдзіўляе нас пазыцыя Злучаных Штатаў Амэрыкі, якая ў адносінах
да Рэспублікі Беларусь спрабуе прымяняць палітыку трэціх краінаў і праз
трэція краіны рабіць уплыў на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь”.
Віталь Цыганкоў, Менск
Самае папулярнае
1