Міністэрства замежных справаў упершыню афіцыйна пракамэнтавала вынікі
выбараў у Югаславіі ды праанансавала прыезд на беларускія выбары ў гэтак
званую “палату прадстаўнікоў” аж 80 назіральнікаў з 17 краінаў сьвету,
у тым ліку Бэльгіі ды Італіі. Але адпаведныя амбасады ў Менску гэтага не
пацьвярджаюць.
Толькі напрыканцы сёньняшняга брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў
ягоны прэсавы сакратар Павал Латушка агучыў заяву МЗС з нагоды вынікаў
югаслаўскіх выбараў:
(Латушка: ) “Рэспубліка Беларусь супраць усялякага зьнешняга ўмяшальніцтва
ва ўнутраныя справы сувэрэннай Югаславіі, выбар народу якой павінен паважацца
і мець прызнаньне. Беларусь будзе з павагай ставіцца да волевыяўленьня
югаслаўскага народу”.
Гэта быў Павал Латушка, прэсавы сакратар МЗС.
На брыфінгу ён закрануў таксама й беларускія выбары, паведаміўшы, што
ўжо далі згоду прыехаць у якасьці назіральнікаў 80 асобаў з розных дзяржаваў,
сярод якіх ёсьць краіны ЭўраЗьвязу. Я папрасіў Паўла Латушку ўдакладніць
пералік гэтых дзяржаваў…
(Латушка: ) “Зараз магу сказаць, што плянуецца прыез прадстаўнікоў такіх
дзяржаваў, як Бэльгія, Італія. Я казаў Вам, што прыяжджае вельмі вялікая
група парлямэнтароў з Ізраілю, прадстаўнікі цэнтрвыбаркаму Індыі, Расейскай
Фэдэрацыі. Заплянаваны прыезд прадстаўнікоў парлямэнтаў і іншых установаў
краінаў-суседзяў Беларусі”.
Паведаміў спадар Латушка.
Але словы прэсавага сакратара беларускага МЗС пакуль не пацьвярджаюць
у адпаведных амбасадах. Амбасадар Італіі ў Менску Джавані Чэруці так адказаў
на маё пытаньне пра назіральнікаў ад Італіі:
(Чэруці: ) “Я ня ведаю абсалютна нічога пра гэта. Магчыма, гэта ўсё
прыватныя кантакты, што беларускія ўлады мелі самастойна ў Італіі праз
сваю амбасаду, я магу гэта ўявіць… Але тут няма нічога афіцыйнага зь італійскага
боку. І я нічога ня ведаю пра гэта”, — заявіў амбасадар Італіі спадар Чэруці.
Нічога ня ведае пра назіральнікаў з Бэльгіі і амбасада Нямеччыны ў Менску,
якая рэпрэзэнтуе ў Беларусі бэльгійскія консульскія інтарэсы.
Юры Сьвірко, Менск
Самае папулярнае
1