Прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавел адкрыў сёньня ў Празе штогадовую канфэрэнцыю
Міжнароднага Валютнага Фонду і Усясьветнага Банку. Удзел у гэтай канфэрэнцыі
бяруць прадстаўнікі больш за 180 краінаў сьвету. Спакойнай працы канфэрэнцыі
спрабавалі, аднак, перашкодзіць тысячы праціўнікаў глябалізацыі, якія таксама
зьехаліся з усяго сьвету. Наш карэспандэнт быў сёньня на праскіх вуліцах
і на паседжаньні форуму…
Каб захаваць парадак у Прагу сьцягнута да 11 тысяч паліцыянтаў з усёй
краіны. І як цяпер высвятляецца, падобныя надзвычайныя сродкі бяспекі былі
празьмернымі. У Прагу каб выказаць свой пратэст супраць палітыкі МВФ і
усясьветнага банку, паводле дадзеных чэскай паліцыі, прыехалі 6000 праціўнікаў
глябалізацыі. І сур’ёзна перашкодзіць працы Усясьветнага форуму яны пакуль-што
не змаглі. Хаця ўвесь час у Прагу прыбываюць новыя і новыя аўтобусы з дэманстрантамі.
Але форум толькі сёньня афіцыйна пачаў сваю працу, і шмат яшчэ можа
здарыцца. Таму што некаторыя паведамленьні з праскіх вуліцаў сапраўды непакояць.
Так, напрыклад, у раёне Нусельскага мосту дэманстранты кінулі ў бок паліцыі
некалькі бутэляк з падпальнай вадкасьцю. Паліцыя ў адказ ужыла сьлезацёчны
газ.
Сярод тых, хто прыехаў пратэставаць супраць палітыкі МВФ і Усясьветнага
банку: італьянскія экалягісты і камуністы, прадстаўнікі нямецкіх зялёных,
грэцкія камсамольцы, польскія анархісты, турэцкія камуністы, ангельскія
грынпісаўцы, французкія антыглябалісты і прадстаўнікі шмат яшчэ якіх іншых
леваэкстрэмісцкіх арганізацыяў.
Яны прыехалі ў Прагу каб выказаць свой пратэст супраць крэдытнай палітыкі
МВФ, якая ня ў стане зьліквідаваць беднасьць на плянэце, супраць глябалізацыі,
запазычанасьці бедных краінаў, супраць таго, што з кожным годам розьніца
ўзроўню дабрабыту паміж беднымі і багатымі краінамі павялічваецца.
Пачаткова паліцыя заклікала дэманстрантаў мірна разыйсьціся і правесьці
акцыі пратэсту ў дазволеным месцы. У адказ дэманстранты пачалі скандаваць
свае лёзунгі “Наш сьвет не на продаж”, “Зьнішчым Міжнародны валютны фонд”
і атакаваць паліцэйскі кардон:
(Выгукі на розных мовах і гукі бойкі)
Пазьней пачалася рэгулярная бітва паміж дэмантрантамі і паліцыяй, якая
нагадвала хутчэй “хэпенінг”, чымся змаганьне паміж дзьвюма варожымі сіламі:
(Гукі сырэнаў, выгукі людзей, удары, лямант)
Між тым, паседжаньні Усясьветнага эканамічнага форуму праходзілі сёньня
ў Празе без перашкодаў.
На іх выступілі Прэзыдэнт Усясьветнага банку Джэймс Вульфэнсан і выканаўчы
дырэктар МВФ Хорст Кёхлер. Паводле словаў Вульфэнсана палітыка глябалізацыі
павінна быць карыснай для разьвіцьця эканомікі усіх краінаў сьвету.
(Вульфэнсан:) “Мы ня ў стане павярнуць глябалізацыю назад. Наша заданьне
зрабіць яе інструмэнтам адкрыцьця новых магчымасьцяў, а не крыніцай страху
і небяспекі”.
Хорст Кёхлер у сваім выступленьні выказаў наступную думку:
(Кёхлер: ) “Я добра ведаю пра крытычную дыскусію, якая вядзецца ў справе
глябалізацыі. Я падзяляю агульную трывогу ў некаторых справах. Але адначасна
я хачу ясна сказаць: калі б Міжнароднага Валютнага Фонду не існавала, тады
б менавіта цяпер яго трэба было неадкладна стварыць”.
Прыгадаю таксама, што адно з галоўных пытаньняў, якое абмяркоўваецца
на Ўсясьветным форуме, – зьмяншэньне даўгоў 20 найбольш бедных краінаў
сьвету. МВФ хоча скасаваць ім даўгі на суму 30 млрд. даляраў. Менавіта
ў гэтыя гадзіны гэты плян абмяркоўваецца і сёньня-заўтра будзе зацьверджаны.
Так, што пратэсты дэманстрантаў, якія пратэстуюць на праскіх вуліцах, трапляюць
у пустку…
Дарэчы, у працах Усясьветнага эканамічнага форуму ўдзельнічае і дэлегацыя
Беларусі, якая намагаецца аднаўленьня эканамічнай дапамогі і крэдытаў для
Беларусі. Але гэтая дапамога выразна залежыць ад стану палітычнай сытуацыі
ў Беларусі. Наўрад ці Міжнародны Валютны Фонд і Ўсясьветны Банк будуць
дапамагаць выразна недэмакратычнаму рэжыму, які сёньня існуе ў Беларусі.
Мікола Івнаоў, Прага
Самае папулярнае
1