Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Актывісты “Мартыралёгу Беларусі” да дня памінаньня продкаў заклікалі распачаць акцыю ўсталяваньня крыжоў на ўсіх курапацкіх магілах. З цягам часу такіх крыжоў павінна стаяць каля шасьці сотняў. Яны будуць ня толькі ўшаноўваць месцы пахаваньня сталінскіх ахвяраў, але і ахоўваць іх ад вандалаў.

Архэоляг Мікалай Крывальцэвіч штогод у верасьні пасьля летніх экспэдыцыяў накіроўваецца ў Курапаты. Напрыканцы васьмідзесятых гадоў ён тут удзельнічаў у дасьледаваньні магілаў сталінскіх ахвяраў, што праходзіла ў рамках сьледзтва, узбуджанага Генэральнай пракуратурай. Цяпер Крывальцэвіч прыходзіць у Курапаты, пабойваючыся, што раптам зноў пабачыць, як вандалы раскапалі магілы, пабілі мэмарыяльную шыльду ці пакінулі пасьля сябе смецьце, што ўжо неаднойчы здаралася. Пасьля косаўскага канфлікту тут пашкодзілі нават мармуровы мэмарыяльны знак, які ўсталяваў некалі прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан…

Сёлета, прайшоўшыся з Крывальцэвічам па Курапатах, пашкоджаньняў мы не знайшлі. Мікалай Крывальцэвіч лічыць, што дала плён папярэдняя растлумачальная праца.

Напярэдадні Дзядоў тут пройдзе дабрачынная акцыя прыборкі лісьця і навядзеньня парадку.

Гаворыць Мікалй Крывальцэвіч:

(Крывальцэвіч: ) “Акрамя таго, я мяркую, што на Дзяды зьдзейсьніцца нашая задума аб пачатку акцыі ўстаноўкі вялікіх крыжоў каля магілаў растраляных людзей па ўсім лясным масіве, якія будуць сьведчыць пра тое, што тут ёсьць магіла. Гэта будзе засьцерагаць магілу, будзе ахоўваць яе”.

Гэта быў архэоляг Мікалай Крывальцэвіч. Разам зь ім у гэтай акцыі будуць удзельнічаць актывісты “Мартыралёгу Беларусі”, “Хрысьціянскай злучнасьці Курапаты” ды іншых арганізацыяў. Такіх крыжоў з цягам часу павінна зьявіцца каля шасьцісот – адпаведна колькасці пахаваньняў. Калі гэта здарыцца – залежыць выключна ад грамадзкай дабрачыннасьці, на дзяржаву ніякіх спадзеваў няма. Дзяржава, наадварот, спрабавала зрабіць рэвізію курапацкай справы, але, як мяркуе Мікалай Крывальцэвіч, нічога з гэтага не атрымалася:

(Крывальцэвіч: ) “Наколькі я ведаю, матэрыялы сьледзтва, якое пачалося ў 1997 годзе, дагэтуль не абнародаваныя, ніякіх зьвестак няма, акрамя невялікіх інтэрвію, зь якіх мала што вынікае. Я думаю, што пляны, што тут будуць знойдзеныя нейкія матэрыялы, якія змогуць дыскрэдытаваць папярэдняе сьледзтва ці дапамогуць заявіць, што тут растрэльвалі фашысты альбо што-небудзь іншае, – гэтыя пляны ня спраўдзіліся. Тым, хутчэй за ўсё, хто вёў гэтае сьледзтва ці загадваў яго пачынаць, нявыгадна абнародваць факты”.

Гаварыў Мікалай Крывальцэвіч. Ён мяркуе, што менавіта грамадзкасьць павінна апекавацца Курапацкім мэмарыялам, а што датычыць уладаў, то хай бы толькі яны не перашкаджалі.

Валер Каліноўскі, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG