Суд Партызанскага раёну Менску прызнаў вінаватымі ў парушэньні Адміністрацыйнага
кодэксу за заклік да байкоту выбараў намесьніка старшыні БНФ Алеся Бяляцкага
і актывіста Фронту Сяргея Шынкевіча. Абодва пакараныя штрафам на 5 тысячаў
200 рублёў. Разгляд справы іншага намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыкі перанесены
на панядзелак.
Спадароў Хадыку, Бяляцкага й Шынкевіча судзілі за ўдзел ва ўчорашняй
сустрэчы з выбаршчыкамі, на праспэкце Францішка Скарыны. Апазыцыянэры тлумачылі
людзям, чаму ня варта хадзіць на восеньскія выбары, а таксама зьбіралі
подпісы грамадзянаў пад патрабаваньнямі міжнародных структураў ды раздавалі
мінакам адмысловыя выпускі газэтаў “Народная Воля” і “Рабочы” з матэрыяламі
на тэму байкоту.
Першай разглядалася справа Юрыя Хадыкі. Сьведкі-міліцыянты, якія ўчора
затрымлівалі прафэсара, заявілі ў судзе, што Хадыка раздаваў людзям газэты
й заклікаў не хадзіць на выбары. Хаця насамрэч Юры Хадыка толькі зьбіраў
подпісы й нічым іншым не займаўся. Пры гэтым, міліцыянты нагэтулькі блыталіся
ва ўласных паказаньнях, што судзьдзя Ала Дзямінская адклала справу да панядзелка,
каб заслухаць дадатковых сьведкаў.
Гаворыць Юры Хадыка:
(Хадыка: ) “Мяне гэта крышку зьдзіўляе, таму што маленькая хлусьня,
як вядома, спараджае вялікую, хаця прэтэнзіяў да міліцыі ў мяне няма, бо
яны супраць волі робяць тую ж самую справу, што і мы. Мы хацелі б, каб
гэтыя выбары ня былі прызнаныя эўрапейскімі структурамі як свабодныя і
дэмакратычныя, і тое, што адбываецца, гэта яркае тому пацьверджаньне”.
Паведаміў нашаму радыё спадар Хадыка.
Пасьля міліцыянты сьцьвярджалі, што Алесь Бяляцкі й Сяргей Шынкевіч
распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў. Затрыманыя ж наадварот
пераконвалі судзьдзю, што гэта былі ня ўлёткі, а адмысловы выпуск легальнае
газэты “Народная Воля”, і таму ніякага правапарушэньня ня зьдзяйсьнялі.
Аднак суд пакараў Бяляцкага з Шынкевічам штрафамі на два мінімальныя заробкі.
Гаворыць Алесь Бяляцкі:
(Бяляцкі: ) “Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае, што тыя заявы афіцыйных прадстаўнікоў
беларускай улады на міжнароднай арэне наконт таго, што байкот у нас не
забаронены, што гэта ёсьць дазволены сродак палітычнага змаганьня ў перадвыбарчай
барацьбе, – яны зьяўляюцца непраўдзівымі, яны зьяўляюцца хлусьлівымі. На
самай справе я ўжо далёка ня першы – ужо дзясяткі людзей затрыманыя па
гэтым артыкуле, суды ідуць увесь час без перапынку, і гэта падкрэсьлівае,
што выбары ў нас ідуць у недэмакратычнай сытуацыі з яўным прэсынгам на
дэмакратычную апазыцыю”.
Лічыць спадар Бяляцкі.
Яўным ігнараваньнем артыкулаў закону судзьдзёю Алай Дзямінскай была
зьдзіўленая і першы сакратарка Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў
Менску Беата Разуміловіч, якая прысутнічала на працэсе. Справы іншых затрыманых
учора апазыцыянэраў будуць разгледжаныя ў панядзелак.
Альгерд Невяроўскі, Менск
Самае папулярнае
1