Наш карэспандэнт вярнуўся з вандроўкі па Валожынскім раёне, дзе сустракаўся
зь вясковымі людзьмі. Сяляне адкрыта распавядалі пра сёлетні ўраджай на
ўласных падворках, пра свае заробкі ў калгасах, пра стаўленьне да ўлады
й адносіны да будучых выбараў.
Мястэчка Вішнева — тыповае для заходняй часткі Беларусі: сотня дагледжаных
двароў з гаспадаркамі, касьцёл — помнік архітэктуры, у якім, дарэчы, на
беларускай мове ўжо шмат гадоў адпраўляе набажэнствы ксёндз Чарняўскі.
Касьцёл успрымаецца як напамін пра дасавецкі час, а калгасныя пабудовы
як дзейны помнік савецкаму ладу жыцьця.
Жыцьцё тут, адрозна ад сталічнага, цячэ павольна. Людзі неразгінаючыся
капаюць бульбу, хтосьці сьпяшаецца на гадзінку ў касьцёл. Вось, здаецца,
і ўсё. Палітыка тут на ўскрайку чалавечых разважаньняў, але, калі яе закранеш,
дык вяскоўцы могуць і разгаварыцца — сказаць так, як думаюць. Па-свойму.
72-гадовага Вікенція Бітэля разам з жонкаю да касьцёлу падвёз ягоны
брат, які адразу ж скіраваў сваю старэнькую іншамарку на поле. Жонка Бітэля
пайшла на імшу, а праваслаўны дзед Вікенці застаўся на цьвінтары.
Вясковы гаварун, Вікенці Бітэль сам распачынае размову зь незнаёмымі
людзьмі. Слова за словам, і вось ён распавядае пра тое, што жывуць сёньня
сяляне ў Вішневе дый у іншых навакольных вёсках выключна з уласнае гаспадаркі.
Мяйсцовы калгас, як кажа дзед Вікенці, занядбаны ўшчэнт: няма каму працаваць,
усё валіцца, а людзям плоцяць мала дый са спазьненьнем.
(Бітэль: ) «Я быў усю вясну на пасяўной. За красавік і за травень мне
прынесьлі 3,5 мільёны. Дык гэта хіба я зарабіў? А цяпер так: няма чаго
– вотрубі вараш пшанічныя, купіш – 3 мільёны з паловай, 4 мільёны…Камбікорм
– мільёнаў 5-6. А браток ты мой, на булку хлеба за дзень мо і заробіш».
Паўнавартаснымі грашыма на вёсцы ўжо даўно стала гарэлка — дзяржаўная
(тут так гавораць) і мяйсцовая самагонка. Перавагу аддаюць апошняй.
(Бітэль: ) «Самагонка – 800 тысяч, а гасударсьцьвенная яшчэ даражэйшая.
У мяне сусед дзешавейшую троху гоніць, а яна ўжо прадае па 800…Як няма
бутэлькі, ніхто нічога рабіць ня хоча».
Сёньняшняе сваё жыцьцё дзед Вікенці міжволі параўноўвае з дакалгасным,
польскім часам. Як ён сам кажа, быў і ў той, і ў савецкі, і ў цяперашні
час парабкам.
(Бітэль: ) «Я ў панох служыў і скажу, што няпраўду гаварылі, што яны
бізунеамі білі…Калі ў нас хлеба не хапіла, да пана прыйдзеш – бяры мяшок,
два…А пенёдзаў ня браў – адпрацуеш. Вось ўзяў я 5 пудоў – пяць дзён я яму
адраблю. А цяпер вазьмі – дык скуру зьдзяруць…»
Жыцьцё склалася няпроста, але ён па-свойму шчасьлівы, бо мае жонку,
дачку зь зяцем і ўнучку, што вучыцца ў Менску. І ня ведае, што ж ён сам
мог і можа зрабіць, каб жыць лепей.
Да цяперашняе ўлады, як і да ранейшай, камуністычнай, Вікенці Бітэль
ставіцца крытычна. У тое, што выбары могуць нешта зьмяніць — ня верыць,
але галасаваць пойдзе. Па звычцы.
(Бітэль: ) «Дык абязацельна, як жа ж ня будзеш галасаваць?»
(Карэспандэнт: ) «А за каго?»
(Бітэль: ) «За гэтага дурня…»
(Карэспандэнт: ) «А хто гэты дурань?»
(Бітэль: ) «Лукашэнка ж наш… Знаеце, што ён хітры, гэты Лука. Вось зара
перад выбарамі ён дасьць дарогу бюясплатную, пастараецца, каб калхозьнікі
за яго скінуліся. А як пару месяцаў пасьля галасаваньня пройдзе, тады ізноў
– і за аўтобус плаці, і за тое…»
(Карэспандэнт: ) «Вось Вы ведаеце, якія ў Вашай акрузе дэпутаты?»
(Бітэль: ) «А каго я знаю? Хто нам што сказаў, за каго…? Прынясуць нам
бумажкі – напісана гэты, гэны, гэты… Гавораць, вось за гэтага галасуй,
а вось гэтага можаш вычэркваць. Як усе, так і я, ну што там я зьмяню…»
Адзінае, што я мог пажадаць на разьвітаньне дзеду Вікенцію дый і іншым
маім новым знаёмым, дык гэта — да дажджоў пасьпець выбраць бульбу.
Ягор Маёрчык, Ашмянскі раён
Самае папулярнае
1