Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня


Менш як за сем тыдняў да прэзыдэнцкіх выбараў ў ЗША прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ў Кангрэсе ЗША выступілі з рэзкай крытыкай у адрас прэзыдэнта Клінтана. Яны абвінавацілі адміністрацыю Клінтана ў тым, што цягам апошніх васьмі гадоў яна праводзіла памылковую палітыку ў дачыненьні да Расеі. Біл Клінтан і ягоныя палітычныя саюзьнікі адкідаюць гэтыя абвінавачаньні і заяўляюць, што яны зрабілі вельмі шмат дзеля таго, каб ператварыць былога ворага ў свайго стратэгічнага партнэра...

Дакумэнт, які ўхваліў спікэр Палаты Прадстаўнікоў, рэспубліканец са штату Ілінойс Дэніс Гастэрт, налічвае ажно 209 старонак. Адміністрацыя прэзыдэнта Клінтана, – гаворыцца ў ім, – не скарыстала магчымасьць дапамагчы Расеі ператварыцца з апанэнта ў эканамічнага і палітычнага саюзьніка Амэрыкі, як гэта сталася зь Нямеччынай і Японіяй пасьля ІІ-й Усясьветнай вайны.

Рэспубліканцы ўсклалі на Клінтана значную долю адказнасьці за эканамічныя і палітычныя цяжкасьці, якія Расея перажывае цягам апошніх васьмі гадоў, за тое, што зараз Расейцы давяраюць Амэрыцы менш чым калі небудзь з часу заканчэньня халоднай вайны. Заміж гэтага, – гаворыцца ў справаздачы, – Клінтан змарнаваў вялікія грошы. Ён выдзяляў вялікія сумы грошаў Крамлю, у прыватнасьці, Барысу Ельцыну і ягонаму акружэньню, нават пасьля таго, як яны аказаліся ўцягнутымі ў карупцыйны скандал. На думку палітычных апанэнтаў Клінтана, ягоная адміністрацыя ігнаравала пры гэтым дэпутатаў Думы, якія адначасова маюць паўнамоцтвы рэгіянальных лідэраў. Старшыня Дарадчага камітэту ў пытаньнях Расеі, які працаваў над дакумэнтам, Крыстофэр Кокс заявіў:

(Кокс: ) “Расейскія лідэры імкнуліся ў сваёй замежнай палітыцы, згодна канцэпцыі зьнешняй палітыкі, ўхваленай у 93-м годзе, да стратэгічнага партнэрства і цеснага саюзу са Злучанымі Штатамі. Аднак зараз гэта перастала быць іхнай мэтай, і летась яны афіцыйна адмовіліся ад гэтай канцэпцыі. Адной з прычынаў зьмены зьяўляецца тое, што расейскія лідэры перасталі давяраць парадам з боку ЗША і страцілі павагу для нашай пазыцыі ў пытаньні карумпаванасьці расейскіх элітаў”.

Удакладняючы закіды ў адрас адміністрацыі Клінтана, ён падкрэсьліў, што за апошняе дзесяцігодзьдзе ЗША зрабілі вельмі мала дзеля таго, каб прадухіліць развал расейскай эканомікі. Ён, у прыватнасьці, згадаў глыбокі крызыс у расейскай сыстэме аховы здароўя. Заходнія лекі задарагія і недаступныя для большасьці Расейцаў, і гэта адна з прычынаў таго, што сьмяротнасьць у Расеі перавышае нараджальнасьць. Кокс адхіліў таксама абвінавачаньні з боку дэмакратаў у палітычнай матываванасьці справаздачы. “Гэта факты, якія павінны быць не праблемай рэспубліканцаў альбо дэмакратаў, але агульнаамэрыканскай праблемай”, – сказаў ён.

У адказ на ягоныя закіды, выступаючы ўчора на брыфінгу, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Баўчэр адзначыў і станоўчыя моманты ў палітыцы Клінатана ў дачыненьні да Расеі. Паводле яго, Злучаныя Штаты, сярод іншага, пасьпяхова дапамаглі Маскве скараціць ейны ядзерны патэнцыял, стварыць грамадзянскае і крымінальнае права, дапамаглі Расеі прыватызаваць 75-ць адсоткаў дзяржаўнай маёмасьці.

(Баўчэр: ) “Хацелася б верыць, што ўклад адміністрацыі Клінтана ў пабудову грамадзянскай супольнасьці, ў дапамогу прадпрымальнікам, у дэмантаж ядзерных узбраеньняў быў адначасова карысны ня толькі для разьвіцьця Расеі, але і для амэрыканскага народу”.

Для саюзьнікаў прэзыдэнта Клінтана не падлягае сумневу, што справаздача рэспубліканцаў палітычна матываваная і накіраваная супраць дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах Альбэрта Гора. Справа ў тым, што цягам амаль васьмі гадоў віцэ-прэзыдэнт Эл Гор увасабляў амэрыканскую палітыку ў дачыненьні да Расеі і былых савецкіх рэспублікаў. Ён быў нават сустаршынём амэрыканска-расейскай і амэрыканска-украінскай двухбаковых камісіяў. Здавалася б, усё гэта павінна яму залічыцца на плюс, аднак палітычныя апанэнты Гора скарысталі карупцыю ў Расеі і на Ўкраіне для атакаў супраць яго.

(Артэртон: ) “Час, у які быў апублікаваны дакмэнт, падказвае мне, што аўтары несумненна маюць перад вачыма выбарчы гадзіньнік”,

– адзначыў экспэрт з вашынгтонскага Ўнівэрсытэту Крыстафэр Артэртон.

З другога боку, нават рызыкуючы абвінавачаньнем іх у палітычнай матываванасьці, сябры Кангрэсу маюць права выказаць сваю нязгоду з палітыкай адміністрацыі, калі бачаць ейныя памылкі. Адказ дэмакратаў, паводле Артэртона, таксама меў палітычную афарбоўку. У кожным разе неад’емнай рысай дэмакратыі зьяўляецца тое, што людзі вырашаць наколькі палітыкі дзейнічаюць паводле сумленных матываў.

Кастусь Бандарук, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG