Тамара Віньнікава заявіла нашаму радыё пра немагчымасьць
яе выдачы ў Беларусь брытанскімі ўладамі. Былая галоўная банкірка краіны
спаслалася на адсутнасьць адпаведнае дамовы паміж уладамі Беларусі й Вялікай
Брытаніі.
Пракуратура Беларусі прыкладае намаганьні, каб вярнуць у краіну былую
старшыню Нацыянальнага банку Тамару Віньнікаву. “Мы накіравалі ў брытанскую
паліцыю афіцыйную просьбу ў выдачы Віньнікавай, якая падазраецца ў крымінальным
злачынстве”, — паведаміў днямі прэсавы сакратар Генэральнае пракуратуры
Беларусі Аляксей Таранаў.
Сёньня Тамара Віньнікава, зь якой удалося зьвязацца па тэлефоне, зь
Лёндану пракамэнтавала гэтую заяву адказнага супрацоўніка пракуратуры:
“Усе гэтыя заявы ня больш чым спробы зрабіць выгляд, што нешта робіцца.
У Беларусі няма зь Вялікай Брытаніяй пагадненьня пра выдачу, таму я перакананая,
што мне нічога не пагражае. Я ж знаходжуся ў дэмакратычнай краіне, дзе
ня дзейнічаюць загады кагосьці кінуць за краты, а дзейнічае толькі закон”,
— патлумачыла Тамара Віньнікава.
Далей яна заявіла, што калі беларускія ўлады маюць да яе нейкія прэтэнзіі,
хай зьвяртаюцца ў брытанскі суд, але яны гэтага ня робяць, бо справа цалкам
сфальшаваная, і гэта адразу будзе бачна судзьдзям.
Віньнікава паведаміла, што ўжо зьвярнулася ў Раду Эўропы з просьбайю
правесьці ў Беларусі галосны працэс паводле матэрыялаў абвінавачваньня,
якія сабраныя ў Беларусі.
“Калі такі суд пад старшынствам эўрапейскіх судзьдзяў пройдзе, я ў любым
выпадку вярнуся ў краіну. Хай мяне тады нават арыштоўваюць, але ўсім будзе
зразумела, што гэта палітычная справа”, — заявіла Тамара Віньнікава.
Паводле ейных словаў, яна ў Лёндане актыўна сустракаецца з суайчыньнікамі
й журналістамі. Толькі ўчора ёй давялося адказваць на пытаньні журналістаў,
да якіх дайшлі чуткі, што Аляксандар Лукашэнка нібыта зьвярнуўся да брытанскага
прэм’ера Тоні Блэра з просьбаю выдаць Віньнікаву беларускім уладам.
“У Брытанскім Форын-офісу, куды я адмыслова зьвярнулася, каб удакладніць,
ці гэта праўда, страшэнна расьсьмяяліся. Там пра такі ліст нічога й ня
чулі”, — казала Тамара Віньнікава.
Напрыканцы размовы я задаў ёй наступнае пытаньне: “Вы ведаеце, не. Пакуль
я не зьбіралася прасіць брытанскага грамадзянства, і ня буду. Я не зраблю
такі падарунак беларускім уладам. Я спадзяюся, што вярнуся, калі скончыцца
час гэтага рэжыму, і займуся або сваёй прафэсійнай, або палітычнай дзейнасьцю”,
— заявіла радыё Свабода Тамара Віньнікава.
Алег Грузьдзіловіч, Менск
Самае папулярнае
1